БЕЛ Ł РУС

Найвышэйшы вайсковы чыноўнік ЗША прыбудзе ў Польшчу пасля раптоўнага рашэння не разгортваць брыгаду

16.05.2026 / 09:46

Nashaniva.com

Візіт генерала Кейна ў Варшаву запланаваны на сераду і выклікае вялікую цікавасць у Польшчы.

Фота: Tom Williams/CQ-Roll Call, Inc via Getty Images

На наступным тыдні ў Варшаву прыбудзе генерал Дэн Кейн, старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША, каб абмеркаваць рашэнне аб адмове ад накіравання амерыканскай бранятанкавай брыгады ў Польшчу, паведамляе RMF 24.

Візіт генерала Кейна ў Варшаву запланаваны на сераду і выклікае вялікую цікавасць у Польшчы. Яго прыезд адбываецца ў момант, калі вайсковыя стасункі паміж Варшавай і Вашынгтонам апынуліся ў цэнтры ўвагі пасля раптоўнага абвяшчэння ЗША пра адмову ад накіравання чатырох тысяч вайскоўцаў у Польшчу.

Камандуючы амерыканскімі сухапутнымі войскамі генерал Крыстафер ЛаНеве падкрэсліў, што з улікам атрыманых ім указанняў скасаванне накіравання бранятанкавай брыгады ў Польшчу «было найбольш разумным варыянтам».

Гэтая інфармацыя выклікала шматлікія пытанні адносна будучыні прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы і бяспекі ўсяго рэгіёна Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Віцэ-прэм’ер-міністр і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш запланаваў сустрэчу з генералам Кейнам, падчас якой павінны быць абмеркаваныя далейшыя крокі і магчымасці вайсковага супрацоўніцтва.

Адначасова з панядзелка ў Злучаных Штатах будуць знаходзіцца намеснікі міністра абароны — Цэзарычй Томчык і Павел Залеўскі. Іх задачай будзе правядзенне перамоў на міжнародным узроўні і прадстаўленне польскай пазіцыі па гэтым пытанні.

Як вынікае з дамоўленасцяў, да гэтых захадаў далучыцца таксама МЗС Польшчы, якое будзе праводзіць уласныя дыпламатычныя ініцыятывы.

ЛаНеве заявіў у Палаце прадстаўнікоў ЗША, што не ведае, ці была Польшча праінфармаваная пра прыпыненне запланаванай перакідкі бранятанкавай брыгады. Ён таксама не змог адказаць на пытанне, ці існуюць планы замены брыгады ў Польшчы.

Выданне Politico паведаміла, што чыноўнікі Пентагону былі здзіўленыя гэтым рашэннем.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула