Пенсіянер з Гомеля знайшоў у хатняй схованцы «самыя натуральныя» савецкія шакаладкі
Амаль 75‑гадовы інжынер Уладзімір Акулін, разбіраючы старую савецкую «сценку», якую калісьці купілі яго бацькі, знайшоў паміж люстэркам і задняй сценкай мэблі схаваную шчыліну. У ёй на працягу дзесяцігоддзяў захоўваліся розныя рэчы: цукеркі, шакалад, гадзіннік, лісты і іншыя дробязі, піша sb.by.
Найбольш цікавымі знаходкамі сталі шакаладкі «Весёлые ребята» і цукеркі «Залаты ключык», зробленыя на гомельскай фабрыцы «Спартак». Па словах мужчыны, гэтыя ласункі магла пакласці туды ягоная маці, якая працавала на фабрыцы. Верагодна, яна хацела парадаваць дзяцей, але прысмакі выпадкова праваліліся ў шчыліну і пра іх забыліся.
Пра ўзрост шакаладу сведчыць пазначаны на ўпакоўцы савецкі стандарт ГОСТ 6534-69, які дзейнічаў з 1969 года.
Мужчына мяркуе, што шакалад мог захавацца і да сёння і нават гатовы рызыкнуць яго пакаштаваць, бо верыць у тое, што савецкія прадукты былі самыя якасныя і самыя натуральныя ў свеце. Але можа і перадаць знаходку на фабрыку як музейны экспанат ці для даследавання.
Чытайце таксама:
На хутары ў Беларусі жыве дзік, які абажае «Снікерс»
Прызналі неналежнай рэкламу адной з марак шакаладу. Пабачылі сэксуальны падтэкст