БЕЛ Ł РУС

На Захадзе не заўважылі разрэкламаваных выпрабаванняў расійскага «Сармата». У МЗС Расіі расказалі, наколькі яны да гэтага абыякавыя

16.05.2026 / 16:30

Nashaniva.com

Расія працягне дэманстраваць сілу ў галіне стратэгічных узбраенняў, каб «астудзіць гарачыя галовы» на Захадзе, заявіў намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў, каментуючы выпрабаванні ракетнага комплексу «Сармат», якія прайшлі ў пачатку тыдня, піша The Moscow Times.

Сяргей Рабкоў

«Мы павінны ўпэўнена, спакойна, цвёрда, адказна дэманстраваць уласныя магчымасці для ахаладжэння «гарачых галоў», скажам так, якіх нямала і якія, асабліва па перыметры нашых граніц на захад, гуляюць з рознага роду канцэпцыямі парасонаў», — сказаў Сяргей Рабкоў.

Гаворка ідзе пра стратэгію «ядзернага парасона» ў Еўропе, якую забяспечваюць ЗША з 1954 года, прыкрываючы краіны кантынента ад магчымай агрэсіі суседзяў.

Па словах Рабкова, Расія робіць усё ў сферы бяспекі, каб яе грамадзяне «былі ўпэўненыя ў тым, што ім нічога не пагражае».

«І каб нікому ў запаленых мазгах, якім мроіцца перамога над вялікай Расіяй, не падалося, што цяпер момант, калі можна паспрабаваць свае сілы. Яны атрымаюць. Ніякія парасоны іх не выратуюць», — заявіў намеснік кіраўніка МЗС.

Раней, 12 мая камандуючы расійскіх Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння Сяргей Каракаеў паведаміў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну пра паспяховы пуск «Сармата», пасля чаго той чарговы раз паабяцаў паставіць ракеты на баявое дзяжурства. Аднак ніякай рэакцыі з боку заходніх лідараў на гэта, насуперак чаканням, не было.

Расійскае кіраўніцтва на самых розных узроўнях прыклала шмат вербальных намаганняў, каб пераканаць Захад, што ў іх адбыўся грандыёзны прарыў. Пуцін назваў ракету, якая распрацоўваецца з 2013 года, «самай магутнай у свеце», намеснік кіраўніка Рады бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў «віншаваў» з пускам «заходніх сяброў», а расійская тэлепрапаганда больш за суткі ўсхваляла «Сармат» у навінавых выпусках. Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што Масква паведаміла ЗША і іншым краінам пра выпрабаванні «Сармата». Але, нягледзячы на гэтыя і іншыя піяр-крокі, ні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, ні еўрапейскія лідары, ні прадстаўнікі ўрадаў або Мінабароны заходніх краін не ўдастоілі ракету сваімі каментарыямі.

Рабкоў на гэта заявіў, што «яны не хочуць ствараць [ракеце] рэкламу, але «Сармат» у рэкламе не мае патрэбы», назваўшы адсутнасць рэакцыі на Захадзе «квазіабыякавасцю». 

«Мы не чакалі, не чакаем і ніколі не будзем чакаць ніякай рэакцыі з боку нашых заходніх праціўнікаў і апанентаў на выпрабаванні тых ці іншых нашых перспектыўных сістэм», — падкрэсліў ён.

Чытайце таксама:

На відэа з выпрабавання ракеты «Сармат» журналісты ўгледзелі дзіўную дэталь

У Расіі заявілі пра паспяховы пуск ракеты «Сармат»

На 9 мая Расія можа зноў паспрабаваць запусціць ракету «Сармат»

Каментары да артыкула