Сілавікі стварылі ў сацсетках акаўнт ад імя памерлай бабулі добраахвотніка, які змагаецца за Украіну
На аватарку паставілі надмагільнае фота жанчыны.
Арцём Маркін. Тут і далей фота з яго Threads
Арцём Маркін — беларускі анархіст, які цяпер змагаецца за Украіну. Нядаўна ён завёў акаўнт у Threads, у якім распавядае пра сябе і адказвае на пытанні.
Першы ж допіс Арцёма стаў вірусным: за суткі ён набраў больш за 76 тысяч праглядаў і каля 10 тысяч лайкаў. У асноўным украінцы дзякуюць беларусу за тое, што ён робіць.
Але ж ёсць і адваротны бок медаля. Акаўнт пабачылі беларускія сілавікі і, каб маральна ціснуць на ваяра, стварылі акаўнт яго памерлай бабулі.
Тут трэба адзначыць, што маці Арцёма памерла, калі хлопцу было ўсяго 9 гадоў — расціла яго бабуля. Жанчыне было няпроста, бо на сабе яна цягнула і мужа-расіяніна, а той акрамя п’янкі нічога не ведаў. Яшчэ ў дзяцінстве бабуля казала ўнуку: «Маскалі толькі і ўмеюць, што ў п’янку ды ў вайну».
Калі пачалася вайна ва Украіне, жанчына, якой было ўжо 87 гадоў, казала: «Маскалі не туды палезлі, Украіну ім ніколі не перамагчы».
Сам жа Арцём быў вымушаны пакінуць радзіму пасля выбараў 2020 года. Вярнуцца ў Беларусь хлопец не мог нават на пахаванне любімай бабулі.
А вось цяпер беларускія сілавікі стварылі ў інстаграме акаўнт з імем Эма Андрэеўна і фотаздымкам памерлай жанчыны — гэта надмагільнае фота. Даведаўся пра гэта ваяр тады, калі акаўнт паспрабаваў падпісацца на яго старонку.
Арцём тлумачыць, што стварылі акаўнт дзеля таго, каб абмеркаваць лёс кватэры ў Мінску, якую ён павінен быў атрымаць у спадчыну.
Арцём Маркін — беларускі анархіст. У 2017 годзе яго затрымлівалі ў Мінску за ўдзел у «Маршы недармаедаў». У 2018 годзе Арцёма затрымлівала ФСБ у Расіі на навуковай канферэнцыі «Прамухінскія чытанні», тады ж прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Расіі.
У 2021 годзе ён з’ехаў з Беларусі праз палітычны пераслед. Спачатку быў у Грузіі, потым паляцеў ва Украіну, дзе планаваў легалізавацца. Але ў аэрапорце «Жуляны» ўзніклі праблемы: памежнікі далі паперу з забаронай на ўезд у краіну. Кейсам Арцёма займаліся праваабаронцы.
Цяпер ён ваюе за Украіну — ужо два гады кіруе беспілотнымі лятальнымі апаратамі.
У каментарах Арцём тлумачыць, чаму пайшоў змагацца: «Калі вельмі коратка і шчыра: вострае пачуццё несправядлівасці і жаданне знайсці новыя сэнсы, неяк вылезці з дэпрэсіі, якая паглынула мяне пасля ўцёкаў з Радзімы. Раб сваёй свабоды — гэта не проста так напісана».
Чытайце таксама:
Бел-чырвона-белы сцяг — з сабой. Каліноўцы выпусцілі працяг фільма-дзённіка
Украінскія дроны і робаты здольныя браць расіян у палон без прысутнасці людзей