Вайна1414

«Даў усім па гранаце і сказаў: «Ведаеце, што рабіць». Літовец, які ваяваў з Лазоўскім, напісаў пранізлівы ўспамін пра яго

«Халодны, шчыры, спакойны, трохі цынічны і абсалютна адважны» — Рымас Армайціс, які быў інструктарам Палка Кастуся Каліноўскага, расказаў гісторыю таго, што стала сяброўствам давеку.

Міраслаў Лазоўскі. Архіўнае фота

Літовец Рымас Армайціс, які быў інструктарам Палка Кастуся Каліноўскага ў самы цяжкі час — першыя гады вайны Расіі з Украінай, выклаў у сябе ў фэйсбуку ўспаміны пра знаёмства з беларусам Міраславам Лазоўскім. Пачалося гэтае знаёмства ў 2022 годзе. На той час беларус камандаваў «пяцёркай» — разведвальна-штурмавой групай добраахвотнікаў.

«Сур’ёзны, дужы, упарты да мозгу касцей. Спачатку наша камунікацыя складалася з суцэльных спрэчак. Ён ішоў першым — заўсёды. Ніколі не адступаў. А я, стары воўк, ужо тады разумеў: такія, як ён, альбо становяцца легендамі, альбо хутка гінуць, як тыя ганчакі», — піша Армайціс.

І, кажа літовец, падчас вучэнняў ён вырашыў праверыць камандзіра і зладзіў яму пастку — так званы «дыванок». Лазоўскі, які прывык ісці напралом, у пастку трапіў і паводле легенды манеўраў, «загінуў». Гэты выпадак стаў паваротным: Міраслаў прызнаў паразу, паціснуў Рымасу руку і пачаў прыслухоўвацца да парад. Паводле словаў літоўца, яго пабрацім зразумеў, што

для перамогі недастаткова быць проста адважным — трэба ўмець выжываць і берагчы людзей.

Асаблівую павагу інструктара Міраслаў заслужыў падчас планавання адной з аперацый Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны. Калі Рымас пачаў задаваць камандаванню нязручныя пытанні пра хібы плана, які быў ідэальным толькі на паперы, літоўца як чалавека без фармальнай высокай пасады папрасілі пакінуць памяшканне. Тады не змаўчаў ужо Лазоўскі. «Дзеда, я задаў тыя самыя пытанні, што і ты. Цяпер яны мне ўсё патлумачылі», — расказаў Лазоўскі Армайцісу пасля нарады.

У Армайціса быў пазыўны «Дзед».

Рымас Армайціс. Фота: senas.vilkas.9 / Facebook

«У той дзень я ўпершыню ўбачыў у ягоных вачах сапраўдную павагу. «Нарэшце вы навучыліся не баяцца», — сказаў я яму. І мы паціснулі адзін аднаму рукі як роўныя», — згадвае аўтар допісу.

Міраслаў Лазоўскі. Бахмут, 2022 год. Архіўнае фота

У пекле Бахмута — яго абарона працягвалася з 2022 да 2023 года — іх шляхі перапляліся яшчэ мацней. Рымас займаўся лагістыкай і эвакуацыяй параненых, а Міраслаў заставаўся на «нулі».

«З «Мышам» (у Лазоўскага быў пазыўны «Мыш»— НН) мы размаўлялі гадзінамі. Ён быў для мяне прыкладам. Я для яго — таксама. Халодны, шчыры, спакойны, трохі цынічны і абсалютна адважны. Такіх, як ён, заўсёды бракуе. Вельмі бракуе», — адзначае Рымас і апісвае апошні бой героя:

«Вагнераўцы» амаль атачылі будынак, які мы яшчэ ўтрымлівалі. Мыш запрасіў эвакуацыю для сваіх байцоў. ГУР адмовіў — трэба трымацца далей. Тады ён папрасіў дазволу выйсці па падмацаванне. Выйшаў. Калі ён з дапамогай дабраўся да патрэбнага будынка — прыляцела 240‑мм міна з 2С4 «Цюльпан». Будынак абрынуўся. Кагосьці прыціснула плітамі, нехта быў паранены, нехта загінуў імгненна.

Мыш адправіў назад усіх, каго можна было выцягнуць. Тым, каго не мог забраць, даў па гранаце і сказаў: «Вы ведаеце, што рабіць». Калі ён пачаў адыходзіць, прагрымелі тры выбухі гранат. Ён сам прыкрываў адыход асноўнай групы. І загінуў усяго за 20 метраў ад бяспечнага месца. Прыкрываючы сваіх да апошняга».

«Ён кожную секунду думаў пра вольную Беларусь»

Армайціс падкрэслівае, што загінулы быў не проста легендай «Белага легіёна» ці героем Украіны: «Ён быў чалавекам, які змагаўся за Украіну, за Еўропу, за нас, але кожную секунду думаў пра вольную Беларусь. Ён загінуў не дзеля медаля. Ён загінуў, бо не мог інакш».

Завяршаючы расповед, літовец дадае:

«Мне нестае яго кожны дзень. Бракуе гэтай шчырасці, гэтай адвагі, гэтага спакою. Каб усе былі такімі, як ён, — свет быў бы інакшым».

Пад допісам Армайціса пакінуў каментар яшчэ адзін грамадзянін Літвы, які таксама бачыў Лазоўскага на баявых пазіцыях. Дэймантас Амсятас зазначае, што Міраслаў быў з тых рэдкіх ваяроў, якія становяцца легендамі яшчэ пры жыцці.

«Ён не гуляў у патрыёта — ён быў ім да мозгу касцей: ад маладосці ў беларускай апазіцыі і пераследу рэжымам [Аляксандра Лукашэнкі] да апошняга дня ў Бахмуце.

«Смеласць і розум — рэдкае спалучэнне»

Ён не «паехаў ваяваць ва Украіну» — ён прыйшоў абараняць свабоду, якую хацеў прынесці дадому, у Мінск», — заўважае Амсятас і дзеліцца тым, што яго найбольш уразіла ў гісторыі пабраціма:

«Не толькі апошні бой і тыя гранаты. А тое, як хутка ён змяняўся. Упарты, гарачы ганчак, які ішоў першым і рызыкаваў найбольш, за некалькі месяцаў стаў тым, хто слухаў, вучыўся і мог прызнаць чужы досвед. Не кожны на гэта здольны. Большасць да канца застаецца ў пазіцыі «я маю рацыю, бо я смелы». Мыш змог стаць і смелым, і разумным. Гэта рэдкасць.

Ён загінуў, прыкрываючы сваіх. Не крычучы «за Радзіму!», а проста робячы тое, што трэба — ратуючы жывых, даючы гранаты тым, каго ўжо немагчыма было выцягнуць, і сам застаючыся прыкрываць адыход. 240‑мм міна «Цюльпан» пакідае няшмат шанцаў. Але нават тады ён кантраляваў сітуацыю да апошняй секунды».

Дэймантас адзначае, што такія асобы злучаюць дзве праўды, якія часта спрабуюць раз’яднаць: барацьба за Украіну і барацьба за вольную Беларусь — гэта адзін фронт. На яго думку, пакуль Расія і Лукашэнка стаяць плячо ў плячо, гэтак жа разам павінны стаяць беларусы, украінцы, літоўцы і палякі.

«Лазоўскі — не мінулае. Гэта мера будучыні»

«Калі б было больш такіх Мышаў, якія ўмеюць быць і ўпартымі, і разумнымі, і да канца адказнымі за сваіх — нам усім было б лягчэй. Такія, як Міраслаў Лазоўскі, — не мінулае. Гэта мера будучыні. Якімі мы павінны стаць, калі хочам перамагчы», — піша Амсятас.

Міраслаў Лазоўскі. Бахмут, 2022 год

«Нават яго гібель — узор таго, як мусіць дзейнічаць камандзір»

З ім салідарны і Відас Пажарскіс, які таксама падкрэслівае ўнікальнасць постаці беларускага камандзіра:

«Міраслаў быў рэдкім ваяром, які здолеў хутка змяніцца. З упартага ганчака, які заўсёды мчаў наперад, ён стаў адказным лідарам, што ўмее слухаць і прымаць цяжкія рашэнні.

[Нават] яго гібель у Бахмуце — узор таго, як мусіць дзейнічаць камандзір: адправіць усіх, каго яшчэ можна выратаваць, даць гранаты тым, каго ўжо не было шанцаў выцягнуць, і самому прыкрываць адыход да канца. Нават разумеючы, што магутная міна не пакідае амаль часу зусім».

* * *

Рымас Армайціс (Rimas Armaitis) — гэта літоўскі добраахвотнік і вайсковы інструктар, які ваяваў ва Украіне, у тым ліку звязаны з падраздзяленнямі, дзе служаць беларусы (Полк Каліноўскага). Яму 58 гадоў. У 1991—2008 гадах служыў сапёрам у антытэрарыстычным спецназе літоўскай паліцыі Aras, пасля — у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

У літоўскіх СМІ яго часта называюць пазыўным «Diedas» («Дзед»)

Міраслаў Лазоўскі, вядомы пад пазыўным «Мыш», нарадзіўся ў Мінску 10 ліпеня 1973 года. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У 1995 годзе ўступіў у Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. У тым жа годзе ён стаў адным з заснавальнікаў спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якая дзейнічала ў Беларусі да пачатку 2000‑х гадоў і займалася выхаваннем і навучаннем моладзі.

Ён выехаў з Беларусі ў канцы лета 2021 годзе, калі стала зразумела, што ўжо заставацца немагчыма ва ўмовах масавых рэпрэсій.

Загінуў ён 16 мая 2023 года пры абароне Бахмута ад расійскіх захопнікаў.

Каментары14

  • Крынж
    24.04.2026
    Героі не вмірають! Міраслаў зараз у Валхале і п'е віно за сталом з Одынам або ў Фолькванге з Фрэяй гарна тусіць. Такія монстры хэві метала не паміраюць.
  • T-64M
    24.04.2026
    БЕРАСЦЬ,
    Жыве вечна!!!
    Героі не паміраюць!!!
  • Крынж
    24.04.2026
    Пра такіх легендарных герояў як Міраслаў Лазоўскі ў свой час складалі прыгожыя скальды. Мо калі ё філолагі(як я) ) мо давайце зробім прыгожы скальд?

Цяпер чытаюць

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»4

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»

Усе навіны →
Усе навіны

Мацкевіч лічыць, што Офіс Ціханоўскай падарваў свой аўтарытэт тым, што не ўдзельнічаў у яго гульні32

ЗША ўвялі санкцыі супраць беларуса — Махамеда Алі Талібава4

Коля Лукашэнка сядзеў побач з бацькам і Пуціным на Краснай плошчы21

352 тысячы загінулых расійскіх вайскоўцаў — новая ацэнка страт за чатыры гады поўнамаштабнай вайны10

Аўтобусны перавозчык рэкламуе туры з Мінска ў Крым з прыемнай зніжкай. Каментатары ацанілі3

Ціханоўская: Сэнс сённяшняй даты не ў парадах і вайсковай тэхніцы на вуліцах10

Хакеры з Беларусі ўзламалі сетку польскіх медлабараторый2

Новая мода — «вушы эльфа». Што гэтае такое, як выглядае і як таго дасягнуць3

Трамп выказаў гатоўнасць накіраваць дэлегацыю ў Маскву для перамоваў па Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»4

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць