УСУ: Украінска-беларускую мяжу ператварылі ў непрыступную крэпасць ФОТЫ
Украінска-беларускую мяжу значна ўмацавалі і фактычна ператварылі ў магутную абарончую лінію. Украінскія вайскоўцы знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці і рыхтуюцца да магчымых пагроз або правакацый, піша «РБК-Украіна» са спасылкай на Аператыўнае камандаванне «Захад».
На паўночным кірунку ўкраінцамі пабудаваныя кіламетры палявых умацаванняў, створаныя шматлікія пазіцыі для тэхнікі і агнявых пунктаў. Дадаткова абарону ўзмацняюць мінныя палі, равы і іншыя загароды. Натуральныя ўмовы — лясы, балоты і рэкі — таксама робяць гэтую тэрыторыю цяжкадаступнай.
Памежныя падраздзяленні і вайскоўцы, як сцвярджаецца, кантралююць сітуацыю і гатовы хутка рэагаваць на любыя дзеянні з боку праціўніка.
Украінскі бок лічыць, што, нягледзячы на цяперашнюю адносную цішыню на супольнай мяжы, Беларусь застаецца саюзнікам Расіі і можа выкарыстоўвацца як плацдарм для магчымых ваенных дзеянняў. На беларускай тэрыторыі назіраецца развіццё вайсковай лагістыкі, якая можа быць задзейнічаная ў будучыні.
Украінскае кіраўніцтва рэгулярна адзначае, што Расія спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну і разглядае магчымасць новых аперацый з яе тэрыторыі.
Чытайце таксама:
Зяленскі: Масква спрабуе ўцягнуць Мінск у вайну супраць Украіны альбо аперацыю супраць краіны НАТА
Ціханоўская падзякавала Зяленскаму за папярэджанні адносна Беларусі