БЕЛ Ł РУС

Вялікая атака дронаў на Маскву і вобласць. Ёсць ахвяры, гарыць нафтаналіўная станцыя

17.05.2026 / 08:08

Nashaniva.com

У ноч на 17 мая Маскоўскі рэгіён зазнаў адну з самых масіраваных атак беспілотнікаў.

Паводле звестак расійскіх уладаў, толькі ў непасрэднай блізкасці ад сталіцы за суткі было збіта больш за 120 беспілотнікаў.

Паводле OSINT-аналізу выдання ASTRA, у выніку начнога выбуху загарэлася Сонечнагорская наліўная станцыя. Гэты буйны аб'ект уваходзіць у сістэму магістральных нафтапровадаў вакол Масквы і выкарыстоўваецца для захоўвання і адгрузкі бензіну і дызельнага паліва.

Пажар таксама ў тэхнапарку «Элма» (Зеленаград). Там працуюць больш за 150 рэзідэнтаў, якія спецыялізуюцца на вытворчасці мікраэлектронікі, аптычнай тэхнікі і навуковых распрацоўках, піша ASTRA.

На гэты час вядома пра трох загінулых у Падмаскоўі. У Хімках дрон трапіў у прыватны дом — загінула жанчына. У Мыцішчах абломкі БПЛА забілі двух мужчын на будоўлі.

У Краснагорску і Істры беспілотнікі пашкодзілі шматкватэрныя дамы, а ў пасёлку Аграгарадок пад удар трапілі шэсць прыватных дамоў, дзе параненыя чатыры чалавекі.

У самой Маскве паранены найменш 12 чалавек.

Паводле заявы Мінабароны РФ, агулам СПА знішчылі 556 украінскіх БПЛА. Дроны былі збітыя над тэрыторыямі Белгарадскай, Калужскай, Курскай, Арлоўскай, Бранскай, Варонежскай, Тульскай, Смаленскай, Пскоўскай, Ліпецкай, Цвярской, Растоўскай абласцей, Краснадарскага краю, Маскоўскага рэгіёну, анексаванага Крыма, акваторыямі Чорнага і Азоўскага мораў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула