Маладая кіеўская пара, што загінула падчас расійскага авіяўдару, рыхтавалася да вяселля
У Кіеве развіталіся з 24‑гадовай настаўніцай, якая загінула разам з каханым падчас маштабнага ўдару РФ. «Замест вяселля давялося рыхтаваць пахаванне», — кажуць блізкія.
Марына Гаменюк абдымаецца з Юрыем Арловым, 9 лютага 2026 г., у Кіеве. Фота: прадастаўлена сяброўкай пары
У Кіеве развіталіся з Марынай — таленавітай настаўніцай англійскай мовы, якая ведала каля дзесяці моў (уключаючы карэйскую, кітайскую і в’етнамскую) і вельмі любіла жывёл. Яна і яе каханы, 30‑гадовы былы хакеіст і капітан кіеўскага фларбольнага клуба Юрый Арлоў, сталі ахвярамі маштабнага расійскага абстрэлу ў чацвер, 14 мая.
Крылатая ракета цалкам разбурыла іх шматпавярховік у Дарніцкім раёне, забраўшы жыцці 24 чалавек. Гісторыю маладой пары, чые мары пра шлюб і дзяцей знішчыў расійскі ўдар, распавяло агенцтва The Associated Press.
Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання чатыры гады таму Марына Гамянюк з'ехала ў Чэхію, дзе паспяхова скончыла навучанне і вывучыла в’етнамскую мову. Сябры распавядаюць, што дзяўчына мела выключныя здольнасці і ведала каля 10 моў, уключаючы кітайскую і карэйскую. Акрамя таго, яна была вельмі чулай: ратавала бяздомных жывёл і любіла падарожнічаць.
У 2023 годзе Марына вырашыла вярнуцца ў Украіну, дзе праз дадатак для знаёмстваў сустрэла Юрыя Арлова.
Нягледзячы на розныя захапленні — ён жыў спортам, яна мастацтвам — пара была неразлучнай. Дзяўчына наведвала кожны яго нядзельны матч, Юрый вучыў яе гуляць у фларбол, а яна яго — англійскай мове.
Пара марыла стварыць сям'ю, аднак зіма ў Кіеве была цяжкай з-за пастаянных абстрэлаў. Яны часта разважалі пра пераезд з Дарніцкага раёна, дзе пасля ўдараў па энергетыцы святло аднаўлялі пазней за ўсё, але не мелі на гэта фінансавых магчымасцей.
Ратавальнік ідзе па руінах дома, пашкоджанага расійскім ўдарам у Кіеве, 14 мая 2026 г. Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka
Падчас развітання сябры Марыны не стрымлівалі эмоцый. Яны спадзяваліся пахаваць пару разам, аднак цела Юрыя на той момант яшчэ не было гатова да пахавання.
«Яна была вельмі клапатлівым чалавекам. Мне вельмі горка, яна мела столькі мар. Яна працавала з дзецьмі і сама вельмі хацела мець дзяцей калі-небудзь, калі наступяць больш бяспечныя часы, — кажа Алеся Юхновіч, блізкая сяброўка. — Я павінна была дапамагаць рыхтавацца да вяселля, а ў выніку дапамагала рыхтавацца да пахавання. Гэта жахліва».
Алеся таксама згадала хвіліны пасля трагедыі 14 мая, калі напісала Марыне, яшчэ не ведаючы пра страшнае.
«Ты ніколі не думаеш, што нешта можа здарыцца з кімсьці блізкім, і проста пішаш ім для перасцярогі. Я ніколі б не падумала, што гэта будзе адзін з тых разоў, калі паведамленне так і застанецца непрачытаным», — кажа яна.
Той масіраваны ўдар вайскоўцы назвалі адным з найбуйнейшых абстрэлаў Кіева за ўвесь час вайны.
Раніцай 17 мая камандуючы Сіламі БПЛА Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі назваў атаку ўкраінскіх дронаў на Маскву і вобласць адказам на гібель мірных людзей у Кіеве і заявіў, што «абанемент на спакойнае жыццё для расійскай сталіцы ануляваны».