У Гродне не знеслі, а пачалі рэканструкцыю старога будынка. Вось як ён будзе выглядаць
Унікальны двухпавярховы драўляны дом у раёне Новы Свет быў пабудаваны ў 1932 годзе ў стылі канструктывізму са склепам і мезанінам. Доўгі час ён быў жылым. Раней у яго падвале размяшчалася мясная крама адной з гаспадарак Гродзенскага раёна, піша «Свабода».
Будынак на вуліцы Міцкевіча
Згодна з праектам кампаніі «ВКЛ-праект», на першым паверсе размесціцца вестыбюль гатэлю, рэстаран і кавярня. Тут жа будуць дапаможныя памяшканні пунктаў грамадскага харчавання.
Так будынак будзе выглядаць пасля рэканструкцыі
Другі і трэці паверхі зоймуць апартаменты і нумары, тэхнічныя памяшканні для іх абслугоўвання. У склепе размесцяцца дапаможныя памяшканні рэстарана і кавярні. Будынак месціцца на вуліцы Міцкевіча, 1, насупраць адміністрацыі Ленінскага раёна.
Новы Свет — былое гарадзенскае прадмесце, што стваралася з канца ХІХ стагоддзя. Пачынаючы з другой паловы 2000-х, улады істотна зруйнавалі старыя кварталы, захаваўшы толькі частку дамоў.