БЕЛ Ł РУС

Колькі арэнднага жылля цяпер будуецца ў Мінску? Адзін з дамоў — для сілавікоў

17.05.2026 / 15:51

Nashaniva.com

У Мінску будуюць шэсць арэндных жылых дамоў на розных пляцоўках. Пра гэта ў эфіры праграмы «Гаворыць і паказвае Мінск» расказала старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава.

Фота: LookByMedia

Фінансуецца будаўніцтва такога жылля па некалькіх кірунках.

«Першая крыніца — гэта сродкі, якія паступаюць ад ужо пабудаванага арэнднага жылля, так званае гарадское арэнднае жыллё. Яно размеркоўваецца сярод чаргавікоў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па адміністрацыях раёнаў. Другая крыніца — за кошт рэспубліканскага бюджэту для супрацоўнікаў сілавых структур. Трэцяя — за ўласныя сродкі прадпрыемстваў для іх работнікаў», — патлумачыла Гонтарава.

Адзін з дамоў узводзіцца ў межах вуліц Карвата — Геалагічнай — Сувязістаў. Яго будуюць за кошт сродкаў прадпрыемстваў і прызначаны ён для іх супрацоўнікаў. Чатыры арэндныя дамы будуюцца ў раёне вуліц М. Лынькова, П. Глебкі і праезда Масюкоўшчына. Гэтыя аб’екты таксама ўзводзяцца з удзелам прадпрыемстваў і горада, туды заселяць работнікаў і грамадзян, якія стаяць у чарзе.

Яшчэ адзін арэндны дом будуецца ў Лошыцы за кошт рэспубліканскага бюджэту і прызначаны для супрацоўнікаў сілавых структур.

Асобны дом у гэтым жа жылым раёне ўзводзіцца за кошт гарадскога спецрахунку.

«Аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля штогод павялічваюцца, гэтая тэндэнцыя з улікам попыту будзе працягвацца», — адзначыла Гонтарава.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула