БЕЛ Ł РУС

«Анёл» згарнуў лагер, але пошукі 72‑гадовай пенсіянеркі пад Крупкамі працягваюцца

18.05.2026 / 08:26

Nashaniva.com

Алена Цэхавая знікла тры тыдні таму.

У суботу і нядзелю лесе пад Крупкамі працаваў маштабны пошукавы штаб. Пошукава-выратавальны атрад «Анёл», міліцыя, АМАП, кінолагі, вадалазы, матацыклісты-эндурысты і дзясяткі добраахвотнікаў прачэсвалі квадрат за квадратам у надзеі знайсці 72‑гадовую Алену Цэхавую, якая знікла 27 красавіка, піша «Мінская праўда».

Пад вечар нядзелі палаткі былі згорнутыя. Валанцёры пагрузілі абсталяванне і раз’ехаліся. Нават стужкі, якія паказвалі шлях да лагера, былі знятыя.

Журналісты паразмаўлялі з каардынатарамі пошукаў і прадстаўнікамі РАУС, каб зразумець, што ўжо зроблена і што будзе далей. Жанчына пакуль не знойдзена.

«Адпрацаваны вялікія лакацыі — пешымі групамі, квадрацыкламі, беспілотнікамі. На вадзе хлопцы на лодцы абследавалі акваторыю, працаваў атрад Таварыства выратавання на водах Максімальна, наколькі хапала фізічных і тэхнічных рэсурсаў, мы выконвалі задачы па пошуку. На жаль, на дадзены момант станоўчых вынікаў няма. Жанчына не знойдзена. Актыўная фаза маштабнага валанцёрскага пошуку завершана. Лагер згорнуты», — расказаў каардынатар «Анёла» Мікалай.

«Ці вернемся мы сюды? Сёння не гатовы адказаць, — дадаў ён. — Будзем глядзець па сітуацыі: ці зможам забяспечыць групы старэйшымі, ці будуць вайскоўцы або іншыя рэсурсы.

Кіраўнік «Анёла» Сяргей Коўган зазначае, што нават калі здымаецца лагер, чалавек застаецца ў вышуку. І, вядома, жыхарку Крупак будуць шукаць.

Калі жанчына не знойдзецца, маштабныя пошукі таксама будуць праведзеныя ў сярэдзіне тыдня, або на наступных выходных.

За два дні адпрацаваныя ўсе прыярытэтныя напрамкі, на якія ўказвалі сведчанні і камеры. Былі задзейнічаны чатыры квадракоптары, мотатэхніка, лодка, вадалазы. Праведзена велізарная праца. На жаль, вынік адмоўны — жанчына не знойдзена.

Алена Цэхавая пражывае ў Крупках-2. Гэта вайсковы гарадок, па перыметры якога цягнецца суцэльны лясны масіў. Пенсіянерка часта хадзіла да сяброўкі ў Крупкі, але ніколі раней не знікала, і праблем з памяццю ў яе не заўважалася.

Апошні раз Алену Віктараўну бачыла сяброўка: 24 красавіка яны разам хадзілі на прагулку і ў краму. Менавіта яна першай забіла трывогу, калі пажылая жанчына праз некаторы час перастала выходзіць на сувязь.

— У нас няма версій, куды яна магла накіравацца. Паводле слоў блізкіх, у Алены Віктараўны ёсць лецішча ў Начы, але апошнім часам яна там ужо нічога не саджала і не ездзіла, — сказала прадстаўнік «Анёла» Юлія Коўган.

Алена Віктараўна Цэхавая, 72 гады.

Рост 170 см, хударлявы целасклад, вочы блакітныя, валасы сівыя, доўгія. Была адзетая ў белую кофту, шэрыя штаны і белую хустку.

Калі нешта вядома пра яе месцазнаходжанне, просьба паведамляць па нумары 102 (бліжэйшы орган міліцыі) або па дадатковым нумары +375 (29) 617— 51‑86 (Viber).

У міліцыі раяць не адпускаць пажылых сваякоў адных у лясныя масівы і проста ў незнаёмую мясцовасць. Калі чалавек усё ж ідзе — варта пераканацца, што ў яго ёсць зараджаны мабільны тэлефон, вада і неабходныя лекі. Трэба растлумачыць, што нельга паглыбляцца ў лес, калі ён незнаёмы. А калі бяда ўсё ж здарылася — не чакаць, адразу звяртацца ў міліцыю. Кожная гадзіна можа стаць вырашальнай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула