Сілавікі завітваюць да беларусаў, якіх ужо не могуць прыцягнуць па крыміналцы за ўдзел у маршах, з маскі-шоу — для прафілактыкі
Пра новую практыку помсты за ўдзел у пратэстах 2020‑га «Нашай Ніве» паведамілі адразу з некалькіх крыніц.
Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі брутальна ўварваліся ў некалькі кватэр у Магілёве, але пасля запужвання і прафілактычнай размовы затрыманых адпусцілі дадому, бо мінуў тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці па пратэсным артыкуле 342 КК (па ім звычайна судзілі за ўдзел у маршах).
Выязная акцыя запужвання выглядала так. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа, некалькі чалавек, прыходзілі каля 7 раніцы. Калі чалавек адкрываў дзверы пасля грукату, яго клалі тварам у падлогу, рукі заламалі. Дома ператрасалі і раскідалі рэчы (нібыта больш для птушачкі, чым з мэтай нешта адшукаць).
Пасля чалавека забіралі ў мясцовае аддзяленне на прафілактычную размову. Казалі пра адказнасць за любую пратэсную дзейнасць і тое, як адсочваюць «экстрэмістаў». Давалі таксама падпісаць паперку, што людзі ўсё паслухалі і зразумелі рызыку крымінальнай адказнасці за новыя факты пратэсту.
Да людзей прыходзілі за маршы 2020 года. Сілавікі тлумачылі, што гэта «каб не расслабляліся». На суткі не забіралі.
Невядома, гэта практыка прымянецца толькі ў Магілёве або ў іншых рэгіёнах таксама.
У апошнія гады за маршы, калі па гэтым артыкуле яшчэ дзейнічаў тэрмін даўнасці, звычайна суды давалі хатнюю хімію. Са жніўня 2025-га пяцігадовы тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці стаў сканчвацца (для кожнай акцыі пратэсту свая дата ў залежнасці ад таго, калі яна прайшла). Тых, каго на той момант затрымалі, але не паспелі асудзіць, або трымалі ў СІЗА да суда і адпускалі, або пераводзілі з крыміналкі ў адміністрацыйную справу.
Калі падобнае здарылася з вамі ці вашымі знаёмымі ў іншым горадзе Беларусі, напішыце «Нашай Ніве» на мэйл nivanasha@proton.me альбо ў тэлеграм рэдактару @nn_editor. Таксама можаце звязацца з журналістамі рэдакцыі, якіх ведаеце асабіста.