БЕЛ Ł РУС

«Потым зробяць асобныя вагоны, як у Іране?» Беларуса абурылі «жаночыя» купэ ў цягніках

18.05.2026 / 21:20

Nashaniva.com

Беларус Аляксандр паскардзіўся ў сацсетках на немагчымасць купіць квіток на цягнік з Баранавічаў у Мінск. Свабодныя месцы ў саставе, які рухаўся па маршруце Брэст — Масква, апынуліся толькі ў жаночым купэ, таму аформіць квіток мужчына не змог, піша «Анлайнер».

Пра сітуацыю Аляксандр расказаў у Threads. Па яго словах, на цягнік, які адпраўляўся 17 мая, у адным з вагонаў заставаліся два свабодныя месцы, аднак сістэма паказвала, што яны прызначаныя толькі для жанчын. Мужчыну гэты момант моцна абурыў:

«Потым, напэўна, асобныя вагоны зробяць, як у Іране. Гэта такая акцыя да года жанчыны — 2026? Трэба купіць квіток, свабодныя месцы даступныя толькі «Ж». Што, не пусцяць?»

Публікацыя хутка разышлася ў сацсетцы: яна ўжо набрала амаль 200 тысяч праглядаў і сотні каментарыяў.

Многія карыстальніцы падтрымалі практыку асобных купэ для жанчын. Яны адзначалі, што нярэдка адчуваюць сябе некамфортна або небяспечна, падарожнічаючы ў адным купэ з незнаёмымі мужчынамі, і прыводзілі асабістыя гісторыі непрыемных сітуацый у цягніках.

«Пакажыце хоць адну жанчыну, якая хацела б ехаць з незнаёмымі мужыкамі разам».

«Ні разу не ехала ў цішыні і спакоі з мужчынамі ў купэ. Усе яны чамусьці лічаць, што са мной трэба шмат размаўляць, адпускаць ідыёцкія жарты, фліртаваць і г. д. Хоць я адмовілася ад цягнікоў, але дзякуй, што з’явіліся жаночыя купэ».

«А вас да гэтага ніколі не бянтэжыла ідэя падзелу жанчын і мужчын? Як вы лічыце, чаму ўніверсітэцкія інтэрнаты заўсёды падзяляюцца па палавой прыналежнасці? Туалеты? Лазні? Распранальні?»

«Цудоўна. Я пастаянна аказваюся ў купэ з трыма мужыкамі ў начным цягніку і не магу сказаць, што мне псіхалагічна камфортна».

Насамрэч такая сістэма існуе на Беларускай чыгунцы ўжо шмат гадоў. Аднаполыя купэ фарміруюцца на некаторых фірмовых цягніках міжнародных зносін. Прынцып просты: калі жанчына першай купляе квіток у свабоднае купэ, яно аўтаматычна становіцца «жаночым» і астатнія месцы прапануюцца толькі пасажыркам. Аналагічна фарміруюцца і мужчынскія купэ.

Пры гэтым кошт квітка не мяняецца, а сама паслуга ўводзілася праз рэгулярныя просьбы пасажыраў — часцей за ўсё менавіта жанчын. У той жа час на ўсіх цягніках такую практыку не прымяняюць: на асобных кірунках існуе рызыка, што месцы ў аднаполых купэ могуць застацца незанятымі.

Чытайце таксама:

Падлетак паклаў на рэйкі камяні, машыністу давялося экстранна тармазіць

Белчыгунка запускае на лета дадатковы цягнік у Пецярбург

Тры дні таму на ўчастку паміж Мінскам і Баранавічамі сур'ёзна затрымліваліся цягнікі. Стала вядома чаму

У Літве сышоў з рэек грузавы цягнік з хімікатамі. Гэта ўжо другі выпадак за апошнія дні

Каментары да артыкула