Меркель адмовілася быць пасярэдніцай у перамовах з Пуціным
Былая канцлерка Германіі Ангела Меркель адмовілася ад прапановы стаць пасярэдніцай у перамовах паміж Еўрасаюзам і Расіяй па пытанні вайны ва Украіне, піша Hasepost.
Уладзімір Пуцін (справа) і Ангела Меркель на адкрыцці Парыжскага форуму міру, 11 лістапада 2018 года, Парыж. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images
Меркель заявіла, што не лічыць магчымым весці такія перамовы, не маючы афіцыйных уладных паўнамоцтваў. Паводле яе слоў, пасля падзей 2014 года яна ўдзельнічала ў дыялогу з расійскім кіраўніцтвам толькі таму, што сама была дзейнай кіраўніцай урада, як і тагачасны прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд.
Экс-канцлерка адзначыла, што ідэя накіроўваць на перамовы былых палітыкаў замест дзейных лідараў выглядае сумнеўнай. Яна падкрэсліла, што не ўяўляе, каб нехта іншы вёў перамовы ад яе імя, калі яна займала пасаду.
Размовы пра магчымых пасярэднікаў з’явіліся ў Еўропе на фоне пошуку шляхоў для кантактаў з Расіяй. Меркель разглядалі як кандыдатуру дзякуючы яе досведу, веданню рускай мовы і кантактам з кіраўнікамі розных краін.
Аднак цяпер яна выразна дала зразумець, што не гатовая браць на сябе такую ролю. У выніку пытанне аб тым, хто можа выступіць пасярэднікам у магчымых перамовах, пакуль застаецца адкрытым.
Сярод іншых магчымых пасярэднікаў называлі розных еўрапейскіх і міжнародных палітыкаў, але падкрэсліваецца, што такая фігура павінна мець давер як з боку Еўрасаюза, так і з боку Расіі.
Раней Пуцін прапаноўваў у якасці пасярэдніка іншага былога канцлера Германіі, свайго сябра Герхарда Шродэра, але ў Еўрасаюзе гэтую ідэю не падтрымалі.
Чытайце таксама:
Сікорскі пра інтэрв'ю Меркель: Канцлерка забылася, чым займаўся яе ўрад
Меркель назвалі яшчэ адным верагодным пасярэднікам на перамовах Расіі і Украіны
Герхард Шродэр зноў заклікаў не «дэманізаваць» Расію. Яму рэзка адказалі