Севярынец: Улетку 2020 года топам у стукачоў было стаўленне да Пуціна
Экс-палітвязень у фэйсбуку расказаў аб стукачах у ізалятары летам падчас пратэстаў.
Улетку 2020 года мяне раз на тыдзень рэгулярна пераводзілі на дзянёк з карцэра ў звычайную камеру — найперш каб не памёр ад абязводжвання, а яшчэ каб спраўдзіць, ці дайшоў кліент да кандыцыі. Правяралі такое праз асабісты кантакт з пазаштатным супрацоўнікам адміністрацыі — стукачом.
У кожнай турме ці калоніі стукачоў поўна. Часам трапляеш у камеру, дзе ўсе, апроч цябе, «шпіляць» на адміністрацыю – і тры-чатыры пары вачэй раўніва высочваюць кожны твой рух ды змены мімікі. Пасля опер «выдзерне» з хаты, паслухае справаздачу і, калі пашанцуе, дасць пару цыгарэтаў.
Каб уцерціся ў давер і высветліць, што ў мяне наўме, стукачы клялі Лукашэнку, горача падтрымлівалі апазіцыю, але ўвага да спецыфічных пытанняў, цікавых оперу (крымінал, зашквар, стан здароўя, псіхічнае самаадчуванне, грошы, асабістыя стасункі з лідэрамі) выдавала шцірліцаў з галавой.
Звычайны менскі п'янтос з раёну, афрыканец на дэпартацыю, адстаўны вайсковец, бомж, пераседжаны блатны — усе браталіся, спачувалі і спрабавалі высветліць, што там у мазгах у гэнага Севярынца.
Улетку 2020 года топам у стукачоў было стаўленне да Пуціна. Расія цісне на Луку, Пуцін пляце сеці — ці ня спеліся раптам беларускія хрысціянскія дэмакраты з Масквой на глебе праваслаўя? А з вагнерамі знаёмы? А як думаеш, Паш, ёсць тут такія, хто з Пуціным вась-вась?
— Ёсць, канечне, — смяюся. — Лукашэнка.
Ну і, канечне, Паш, як там у карцары без вады? Сэрца калоціцца? Сцены ціснуць? Млееш паціху? Галава кружыцца? Мульцікі (галюцынацыі) бачыш? Можа, ну яго к чорту – і схадзіць з начальнікам пагаварыць?
Больш за ўсё мяне ўразіў дзед-баксёр, які прасядзеў у турме, паводле ягоных словаў, 42 гады, і цяпер выпраўляўся ў чарговую камандзіроўку. Ён усё жыццё прамышляў рабаваннем, прыглядваў у крамах тых, хто разлічваўся вялікімі купюрамі, на выхадзе біў і забіраў гаманец, прапіваў, трапляўся, адседжваў і ехаў зноў. Правая рука ў яго ўжо вісела як плець, нават на расцяжку ня мог стаць як след, але левая — дзед хваліўся кароннай левай — ешчо работает, магу зарадзіць.
Дзед гадзінамі сядзеў на нары без матраса, гледзячы роўна перад сабой, і потым раптам выдаваў якое-небудзь пытанне «ня ў броў, а ў глаз» — нібы страляў з кароннай левай:
— Дак а дзеньгі хто даёт?