Не вытрымаў. Літоўскі дзеяч, які ад суда на радзіме ўцёк у Беларусь, трапіў у рэанімацыю
Жыццё ў Беларусі і шчыльная супраца з беларускімі прапагандыстамі, выглядае, стала такім каласальным псіхалагічным і фізічным стрэсам, што здароўе ўцекача не вытрымала.
«Істэрыя ў Літве»: вядомы літоўскі палітык Антанас Кандротас прыехаў у Беларусь і распавёў усю праўду пра цкаванне на радзіме» — так назвалі гутарку з Цэлафанасам на Беларусь-4
Літовец Антанас Кандротас-Цэлафанас, якога беларускія прапагандысты «эвакуявалі» з Літвы і які паспеў даць беларускаму тэлебачанню «інтэрв’ю без цэнзуры і аглядкі», трапіў у Беларусі ў рэанімацыю. Такую інфармацыю паведаміў яго адвакат на апеляцыйным судзе ў Вільні.
Вільнюскі акруговы суд быў вымушаны адкласці разгляд апеляцыйных скаргаў прарасійскага літоўскага дзеяча Антанаса Кандротаса (вядомага пад мянушкай Цэлафанас). Пасяджэнне перанесена на 7 ліпеня з-за хваробы яго адваката Эрыкаса Ругенюса, а таксама праз экстраныя абставіны з самім падазраваным.
Як стала вядома з зачытанага ў судзе хадайніцтва, Кандротас зараз знаходзіцца ў Беларусі, дзе ў яго нібыта здарыўся інфаркт, і на дадзены момант ён праходзіць лячэнне ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.
Крыміналкі і напады на Ціханоўскіх
На радзіме Кандротаса судзілі за цэлы шэраг крымінальных і адміністрацыйных правапарушэнняў. Яго біяграфія ўключае фінансавыя махінацыі, а таксама неаднаразовыя выпадкі хуліганства і гвалту. Асобны пласт судовых спраў тычыцца распальвання нянавісці і публічных абраз на адрас палітыкаў і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.
Цэлафанас таксама актыўна выступаў супраць прысутнасці беларусаў у Літве. Ён абражаў Ціханоўскіх, Сяргея назваў «бульбашом» і прапаноўваў яму пакінуць краіну разам з жонкай. Дзеяч публічна пагражаў «упакаваць» абодвух лідараў апазіцыі і «экспрэсам выслаць у Мінск» — куды ў выніку, ратуючыся ад турмы, збег сам.
На момант уцёкаў у Беларусь Кандротас меў прысуд да рэальнага зняволення, які яшчэ не ўступіў у законную сілу праз працэсы апеляцыі. Гэта справа аб беспарадках каля Сейма ў 2021 годзе.
Пры гэтым у дачыненні да яго дзейнічала мера стрымання — пісьмовае абавязак не пакідаць Літву.
Ці гэтая раптоўная хвароба — інструмент для зацягвання юрыдычных спраў на радзіме, ці жыццё ў Беларусі стала такім каласальным псіхалагічным і фізічным стрэсам, што здароўе ўцекача не вытрымала. Невядома.