БЕЛ Ł РУС

Вучэнні стратэгічных ядзерных сіл, што пачала Расія, — найбуйнейшыя ў гісторыі

19.05.2026 / 14:27

Nashaniva.com

Мінабароны РФ у аўторак паведаміла пра пачатак вучэнняў «па падрыхтоўцы і прымяненні ядзерных сіл ва ўмовах пагрозы агрэсіі». Судзячы па заяўленых Расіяй лічбах, гэтыя вучэнні маштабнейшыя за вучэнні 2019 года, якія называліся найбуйнейшымі ў постсавецкай гісторыі, піша «Агентство». 

Паводле заявы Мінабароны РФ, вучэнні будуць ісці тры дні — з 19 па 21 мая. Запланаваны пускі балістычных і крылатых ракет па палігонах на тэрыторыі Расіі.

У вучэннях будуць удзельнічаць Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння, Паўночны і Ціхаакіянскі флаты, камандаванне далёкай авіяцыі, сілы Ленінградскай і Цэнтральнай ваенных акруг.

Усяго, паводле заявы Мінабароны, да вучэнняў прыцягнуць больш за 64 тысячы вайскоўцаў, звыш 7,8 тысячы адзінак узбраення, ваеннай і адмысловай тэхнікі, уключаючы больш за 200 ракетных пускавых установак, больш за 140 лятальных апаратаў, 73 караблі і 13 падводных лодак.

У панядзелак трэніроўка воінскіх часцей баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння пачалася ў Беларусі.

Паводле заявы расійскага Мінабароны, падчас вучэнняў будзе адпрацоўвацца сумесная падрыхтоўка і прымяненне ядзернай зброі, размешчанай у Беларусі.

Як праходзілі вучэнні ядзерных сіл у мінулыя гады

2025 год. Апошні раз прымяненне ядзернай зброі расійскія вайскоўцы адпрацоўвалі ў канцы кастрычніка мінулага года ў межах аднадзённай трэніроўкі стратэгічных ядзерных сіл (праходзяць штогод у кастрычніку). Падчас трэніроўкі былі запушчаны міжкантынентальная балістычная ракета «Ярс» з касмадрома «Плесецк», балістычная ракета «Сінява» з падводнай лодкі «Бранск» у Баранцавым моры, а таксама ракета «Буравеснік» з бамбавіка Ту-95.

За месяц да гэтага прайшлі сумесныя расійска-беларускія стратэгічныя вучэнні «Захад-2025». Яны працягваліся чатыры дні — з 12 па 16 верасня. У вучэннях, паводле заявы Пуціна, удзельнічалі 100 тысяч вайскоўцаў і каля 10 тысяч сістэм узбраення, 333 лятальныя апараты, 247 караблёў. На трэніроўках было адпрацавана прымяненне нестратэгічнай ядзернай зброі і разгортванне ракетных комплексаў «Арэшнік». Пра адпрацоўку прымянення стратэгічнай ядзернай зброі падчас вучэнняў не паведамлялася.

2024 год. У аднадзённай трэніроўцы стратэгічных ядзерных сіл у канцы кастрычніка ўдзельнічалі дзве падводныя лодкі, самалёты Ту-95, і быў здзейснены запуск «Ярса» з касмадрома «Плесецк».

У маі, чэрвені, ліпені і жніўні ў тры этапы прайшлі вучэнні нестратэгічных ядзерных сіл. Яны працягваліся сама меней на працягу сямі дзён (21 мая, з 11 па 13 чэрвеня і з 31 ліпеня па 2 жніўня). У вучэннях разам з расійскімі вайскоўцамі ўдзельнічала армія Беларусі. Дакладная колькасць прыцягнутых да трэніровак вайскоўцаў і тэхнікі не паведамлялася. Мінабароны Расіі паведамляла пра ўдзел авіяцыі, якая запускала «Кінжал», ракетных комплексаў «Іскандэр-М» і караблёў ВМФ, што адпрацавалі запускі крылатых ракет.

2023, 2022, 2020 гады. Расія правяла чатыры аднадзённыя трэніроўкі стратэгічных ядзерных сіл у снежні 2020 года, у лютым і кастрычніку 2022 года, а таксама ў кастрычніку 2023-га.

У снежні 2020 года ўдзельнічалі адна падводная лодка, самалёты Ту-160 і Ту-95МС, а таксама адпрацоўваўся запуск «Ярса». У кастрычніку 2022 года і кастрычніку 2023‑га ўдзельнічала адна падводная лодка, самалёты Ту-95, а таксама здзяйсняліся запускі «Ярса» з касмадрома «Плесецк». Да трэніроўкі ў лютым 2022 года, за некалькі дзён да ўварвання ва Украіну, прыцягваліся сілы і сродкі ПКС, Паўночнага і Чарнаморскага флатоў.

2021 год. Расія не праводзіла такіх вучэнняў.

2019. У кастрычніку 2019 года прайшлі трохдзённыя вучэнні стратэгічных ядзерных сіл «Гром-2019». У іх удзельнічалі каля 12 тысяч вайскоўцаў, 213 пускавых установак РВСП (Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння), 105 лятальных апаратаў, у тым ліку пяць стратэгічных ракетаносцаў, 15 надводных караблёў і пяць атамных падводных лодак, а таксама 310 адзінак баявой і спецтэхнікі.

Вучэнні «Гром-2019» сталі найбуйнейшымі ў постсавецкай гісторыі Расіі, пісаў часопіс «Профиль».

«Известия» пісалі, што «вучэнні «Гром-2019» адзначыліся самымі маштабнымі пускамі балістычных і крылатых ракет за ўсю постсавецкую гісторыю».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула