У Баранавічах ушанавалі памяць лётчыкаў-герояў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі
У Баранавічах 19 мая адбыўся мітынг у памяць пра лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіту Куканенку, піша БелТА.
Падчас вучэбна-трэніровачнага палёту пяць гадоў таму, 19 мая 2021 года, вайсковы самалёт Як-130 Лідскай штурмавой авіябазы пацярпеў крушэнне. Калі ён пралятаў над Баранавічамі, у судна адмовіла кіраванне — самалёт падаў проста на жылы раён.
Паводле інструкцыі экіпаж павінен быў катапультавацца, але пілоты прынялі іншае рашэнне. Гвардыі маёр Андрэй Нічыпорчык і гвардыі лейтэнант Мікіта Куканенка да апошняй секунды ўтрымлівалі штурвал, адводзячы самалёт ад дамоў. Андрэю Нічыпорчыку было 33 гады, Мікіту Куканенку — усяго 22.
У мерапрыемстве сёння ўзялі ўдзел родныя і блізкія Андрэя Нічыпорчыка, лётны склад 116‑й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы і 61‑й знішчальнай авіяцыйнай базы, а таксама жыхары Баранавічаў.
«З аднаго боку, час няўмольна хутка ідзе. З другога боку, 19 мая 2021 года час нібыта спыніўся для нас — родных, блізкіх, тых, хто ведаў двух маладых, энергічных, аптымістычна настроеных хлопцаў. Вялікі дзякуй усім за памяць», — сказаў бацька Андрэя Нічыпорчыка Уладзімір Нічыпорчык.