Чэмпіён Беларусі па футболе раздаў падарункі дзецям з акупаваных тэрыторый Украіны
Клуб «МЛ Віцебск», які з'яўляецца дзейным чэмпіёнам Беларусі, размясціў у сваім тэлеграм-канале паведамленне пра тое, што «прывітаў дзяцей з Данецкай Народнай Рэспублікі ў нашым прыгожым горадзе».
Фота: https://t.me/fcmaxline_vtb/10730
«Ад нашага клуба, як ад вялікай спартыўнай сям’і, кожнаму дзіцяці былі ўручаныя спецыяльныя падарункі. Мы спадзяёмся, што гэтыя сувеніры, звязаныя з футболам, які аб’ядноўвае сэрцы мільёнаў людзей, прынясуць ім радасць, стануць добрым успамінам пра цёплы прыём у Віцебску і маленькімі сімваламі нашай дружбы.
Мы жадаем дзецям з ДНР цудоўнага адпачынку і яркіх уражанняў» — напісала прэс-служба клуба.
Нягледзячы на знешнюю бяскрыўднасць і нават нібыта гуманістычнасць такога паведамлення, такія дзеянні з маральнага і палітычнага пункту гледжання зусім не бездакорныя.
Мэтанакіраваная палітыка вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Расію і Беларусь са спадарожнай гэтаму ідэалагічнай індактрынацыяй на міжнародным узроўні ацэньваецца як ваеннае злачынства, менавіта за гэта Міжнародны крымінальны суд ужо завёў крымінальную справу супраць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і некаторых ягоных паплечнікаў. Дэманстратыўны ўдзел у гэтым беларускага футбольнага клуба, якому неўзабаве трэба стартаваць у еўракубках, можа стварыць яму праблемы.
Відаць, у тым ліку і ўсведамленне гэтага стала прычынай таго, што неўзабаве пасля публікацыі гэты пост быў з тэлеграм-канала клуба выдалены.