VIP-зала, фудкорты і планетарый. Найстарэйшы кінатэатр Магілёва ў стылі канструктывізму закрылі на рэканструкцыю
Знікненне з 9 мая найстарэйшага магілёўскага кінатэатра «Чырвоная Зорка» з гарадскіх афіш выклікала пытанні ў многіх жыхароў горада. Спачатку супрацоўнікі спасылаліся на абстрактныя «тэхнічныя прычыны», а адміністрацыя «Кінавідэапраката» дала лаканічны адказ: падрыхтоўка да рэканструкцыі. Разабраліся, ува што ператворыцца помнік канструктывізму 1930 года пасля маштабнай рэканструкцыі.
Сучасны выгляд кінатэатра «Чырвоная Зорка». Менавіта пад беларускай назвай кінатэатр вядомы магілёўцам, рускамоўная адаптацыя не прыжылася. Фота: Гугл Карты
Кінатэатр на вуліцы Першамайскай быў пабудаваны ў 1930 годзе на месцы дарэвалюцыйнага ілюзіёна «Чары», а той у сваю чаргу з’явіўся на падмурках згарэлага экзерцыргаўза — гіганцкага манежа, узведзенага знакамітым расійскім архітэктарам Васілём Стасавым.
Паведамленне аб закрыцці кінатэатра з 9 мая па «тэхнічных прычынах». Фота з сацсетак
Аўтарам праекта кінатэатра называецца інжынер Э. Лосер — асоба абсалютна загадкавая, бо акрамя гэтага прозвішча з ініцыяламі, якія ўпершыню былі названыя ў кнізе «Гісторыя архітэктуры Беларусі. Савецкі перыяд» (1975) гісторыкам архітэктуры Анатолем Воінавым, пра яго нічога больш не вядома. У апублікаванай у 1983 годзе кнізе, прысвечанай «Белдзяржпраекту», у пераліку выбітных спецыялістаў даваеннага часу называецца нейкі «Р. Е. Лоссер», але далей, у раздзеле праектаў у подпісах да фотаздымкаў зноў з’яўляецца Э. Лосер.
На кінатэатры калісьці быў вялікі, амаль плакатны надпіс па-беларуску «Кіно / тэатр», які не захаваўся да нашага часу, але які варта было б аднавіць як характэрную асаблівасць архітэктуры 1930‑х гг. Фота: Глобус Беларусі
У час нямецкай акупацыі камуністычную назву кінатэатра на фасадзе закрылі новым надпісам з новай назвай — «Луч». 1943 г. Фота: audiovis.nac.gov.pl
Той жа Воінаў паведамляе, што Лосер быў таксама аўтарам і сталічнага кінатэатра «Чырвоная Зорка» (1928 год), які не захаваўся да нашых дзён. Магілёўскі будынак, нягледзячы на разбурэнні Другой сусветнай вайны і наступныя перабудовы ў 1948 і 1954 гадах, дайшоў да нас у сваім арыгінальным выглядзе з невялікімі стратамі.
Першы ў БССР гукавы кінатэатр «Чырвоная Зорка», які адчыніўся ў Менску 10 лістапада 1930 года, быў перабудаваны з дарэвалюцыйнага кінатэатра «Гігант» па праекце Э. Лосера, які спраектаваў аднайменны кінатэатр у Магілёве
Ад імерсіўнага кіно да VIP-зон: што зменіцца ўнутры
Згодна з заданнем на праектаванне, зацверджаным у 2025 годзе, унутраная прастора кінатэатра мусіць быць цалкам перафарматаваная.
На першым паверсе асноўная перапланіроўка закране галоўную кіназалу і частку фае. Тут плануецца стварыць адразу тры прасторы для прагляду. Вялікая глядзельная зала на 200 месцаў будзе пераабсталявана пад функцыі імерсіўнага кіно і планетарыя. Акрамя яе, з'явяцца другая, «сямейная» зала на 60 месцаў і невялікая зала-«камфорт» на 30 месцаў.
Арыгінальны план кінатэатра «Чырвоная Зорка» ў Магілёве. Фота: з кнігі «Гісторыя архітэктуры Беларусі. Савецкі перыяд», 1975
План першага паверха кінатэатра. Фота: перадпраектная дакументацыя
Касы, для якіх цяпер нарэзаны памяшканні ў параднай, паўкруглай частцы будынка, аб'яднаюць у адну лінію з кінабарам, дзе прадугледжана паўнавартасная кухня для абслугоўвання наведвальнікаў. Таксама на першым паверсе вылучаць плошчы пад фудкорт і агульны гардэроб.
На другім паверсе акцэнт будзе зроблены на прэміяльны адпачынак. Там мусіць з’явіцца VIP-зала на 30 месцаў, якая атрымае ўласны гардэроб. Побач размесцяць асобную гульнявую зону (таксама са сваім гардэробам) і яшчэ адзін кінабар. Як і на ніжнім узроўні, частка плошчаў другога паверха будзе аддадзена пад другі фудкорт.
Сучасны выгляд глядзельнай залы кінатэатра. Фота: chyrvonayazorka_mogilev
Сучасны выгляд фае кінатэатра. Фота: Гугл Карты
Кіраванне ўсімі чатырма заламі будзе ажыццяўляцца цэнтралізавана з адной апаратнай.
Усе кіназалы павінны атрымаць сучаснае тэхнічнае абсталяванне: 4K лазерныя праектары і сістэмы аб'ёмнага гуку. Для стварэння адзінай атмасферы ва ўсіх холах, калідорах, касах і санузлах усталююць цэнтралізаваную музычна-інфармацыйную сістэму. Для фізічна аслабленых наведавальнікаў у будынку абсталююць ліфт.
Што тычыцца тэрмінаў рэалізацыі гэтага маштабнага праекта, то да канца мая мусіла быць скончана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, паведамленне «Кінавідэапраката» пра закрыццё ў сувязі з правядзеннем праектных і вышукальніцкіх работ або ўводзіць у зман, або сведчыць пра значнае адставанне ад графіку. Згодна з ранейшымі планамі будаўнічыя работы павінны быць выкананы ў 2027 годзе.