У Беларусі запусцяць расійскую сістэму, якая прэзентуецца як аналаг Starlink
У Беларусі плануецца запуск расійскага аналага сістэмы Starlink у межах супрацоўніцтва паміж расійскай аэракасмічнай кампаніяй «Бюро 1440» і беларускім нацыянальным спадарожнікавым аператарам «Белінтэрсат», піша выданне Office Life.
Здымак ілюстрацыйны
Бакі падпісалі пагадненне аб супрацы, якое разглядаецца як першы крок да пашырэння міжнародных праектаў у сферы тэлекамунікацый. З расійскага боку адзначаецца, што гэта пачатак выхаду на замежныя рынкі і развіцця супрацоўніцтва з тэлекам-аператарамі іншых краін.
У беларускім «Белінтэрсаце» падкрэсліваюць, што праект павінен дапамагчы скараціць лічбавае нераўнапраўе паміж рэгіёнамі і даць імпульс развіццю сувязі ў аддаленых раёнах. Таксама гэта разглядаецца як крок у бок імпартазамяшчэння і павышэння тэхналагічнай незалежнасці ў крытычнай інфраструктуры.
Сістэма, якую распрацоўвае «Бюро 1440», уяўляе сабой нізкаарбітальную спадарожнікавую сетку. Яна задуманая як аналаг амерыканскага Starlink і павінна забяспечваць хуткасны шырокапалосны інтэрнэт з глабальным пакрыццём. Плануецца выкарыстанне групоўкі з сотняў спадарожнікаў, якія могуць забяспечваць высокую хуткасць перадачы даных — да ўзроўню каля 1 Гбіт/с.
Праўда, пакуль гэта ўсё толькі ў планах, бо нават сама Расія не змагла паўнавартасна замяніць Starlink сваім аналагам пасля таго, як ёй перакрылі магчымасць выкарыстоўваць гэту сістэму па-пірацку на ўкраінскім фронце.
Сам Starlink, які належыць кампаніі Ілана Маска SpaceX, не працуе ў Беларусі, таму альтэрнатыўныя рашэнні разглядаюцца як важны тэхналагічны кірунак. Яшчэ ў 2024 годзе абмяркоўваліся планы па стварэнні падобнай сістэмы для патрэб Узброеных сіл Беларусі.
Чытайце таксама:
Украіна адкрыла дарогу сваім дронам для ўдараў па Расіі, знішчыўшы прыфрантавую СПА
Адключэнне ад Starlink запаволіла тэмпы расійскага наступлення. Але ці надоўга?