Адключэнне «Старлінкаў»: як гэта паўплывала на ўкраінскую і расійскую арміі
Міністэрства абароны Украіны дамовілася з амерыканскай кампаніяй SpaceX аб адключэнні тэрміналаў спадарожнікавай сувязі Starlink, якія не ўнесеныя ў «белы спіс». Гэтае рашэнне заклікана паўплываць на баявыя здольнасці расійскай арміі, але закранула таксама і УСУ. Аналітыкі Бі-бі-сі Алег Чарныш і Ілля Абішаў тлумачаць, як менавіта.

Для пачатку трэба зразумець, чаму спадарожнікавая сувязь ад SpaceX настолькі важная для вайскоўцаў абедзвюх краін.
Рэч у тым, што ні Украіна, ні Расія не маюць адпаведных аналагаў, каб яго замяніць. Больш за тое, заменнікаў для стабільнай, зручнай, высакахуткаснай сувязі, якой з'яўляецца Старлінк, не мае ніводная іншая краіна. Нават Кітай, які толькі плануе стварыць на арбіце падобнае па параметрах сузор'е малых спадарожнікаў.
Таму, калі пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў 2022 годзе ўкраінскім уладам удалося дамовіцца з Іланам Маскам аб перадачы першых тэрміналаў Старлінк, гэта стала перавагай для Узброеных сіл Украіны.
Вайскоўцы (а таксама чыноўнікі і мясцовая ўлада) атрымалі зручны і даступны сродак для хуткага абмену інфармацыяй, трансляцыі відэа, званкоў і іншага.
Гэта спрыяла каардынацыі баявых дзеянняў, а таксама дазволіла Кіеву павысіць эфектыўнасць сваіх паветраных і марскіх дронаў.
Усталяванне на іх тэрміналаў Старлінк дазваляла кіраваць імі фактычна ў рэжыме FPV у тыле тэрыторыі праціўніка. Праўда, неўзабаве выкарыстанне Старлінкаў каля берагоў Крыма стала немагчымым праз асабістае рашэнне Маска.

Менавіта гэтая сістэма спадарожнікавай сувязі застаецца галоўнай камунікацыйнай інфраструктурай ва ўкраінскай арміі.
Аднак ужо ў другой палове 2023 года першыя тэрміналы Старлінк пачалі з'яўляцца на фронце і ў расіян.
Улічваючы тое, што афіцыйна грамадзяне РФ не могуць карыстацца гэтай паслугай, а сам Starlink на тэрыторыі Расіі не працуе, то, відавочна, што гэта былі «шэрыя» тэрміналы, набытыя і завезеныя кантрабандай з трэціх краін.
Расійскія вайскоўцы не хавалі, што ўжываюць гэтыя сістэмы з дапамогай узламаных або незаконна зарэгістраваных акаўнтаў.
Расіяне выкарыстоўвалі сувязь амерыканскай кампаніі — і самі прызнавалі гэта — для планавання штурмавых дзеянняў і карэктавання ўдараў артылерыі і БПЛА.
На практыцы гэта выглядала так: некалькі расійскіх штурмавікоў прабіраліся непрыкметна ў тыл пазіцый УСУ, а кірунак руху ім у анлайн-рэжыме паказваў камандзір, які ў сваю чаргу атрымліваў прамую трансляцыю аператыўнай абстаноўкі з дрона. Усё гэта забяспечвалася менавіта праз сувязь Старлінк.
Яшчэ ў пачатку 2024 года Міхаіл Фёдараў (на той момант — міністр лічбавай трансфармацыі) казаў пра пошук рашэння, якое б дэактывавала гэтыя расійскія тэрміналы.
«Мы знайшлі алгарытм, прапанавалі яго SpaceX, зараз у нас адбываецца камунікацыя, як зрабіць так, каб падобных кейсаў не было», — заяўляў ён у інтэрв'ю выданню «Суспільне» 19 лютага 2024 года.
Аднак для таго, каб гэтае «рашэнне» было насамрэч увасоблена ў жыццё, спатрэбілася амаль два гады.
Апошняй кропляй стала тое, што армія РФ пачала ўсталёўваць Старлінкі на свае ўдарныя дроны і атакаваць вайсковыя і цывільныя аб'екты ў тыле ўкраінскай тэрыторыі.
Рашэнне, пра якое згадваў Фёдараў, было відавочнае і фактычна адзіна магчымае. Гаворка пра верыфікацыю ўсіх тых сотняў тысяч Старлінкаў, якія рознымі шляхамі трапілі ў рукі ўкраінцаў. А ўсе астатнія тэрміналы — адключыць.
Старлінк: тэрміновае адключэнне
Пра пачатак верыфікацыі міністр абароны Міхаіл Фёдараў абвясціў 2 лютага.
«Урад прыняў пастанову аб укараненні «белага спісу» для тэрміналаў спадарожнікавага Starlink. Неўзабаве ва Украіне будуць працаваць толькі правераныя і зарэгістраваныя тэрміналы. Усё астатняе будзе адключана», — паведаміў міністр.
Ён падкрэсліў, што працэс верыфікацыі будзе «максімальна простым» як для вайскоўцаў, так і для цывільных і бізнэсу.
Неўзабаве міністэрства распаўсюдзіла інструкцыю, як менавіта ўнесці свой тэрмінал у рэестр.
Начальнікі сувязі або ўпаўнаважаныя асобы павінны былі перадаць праз армейскую сістэму сітуацыйнай абазнанасці DELTA інфармацыю пра тэрміналы Старлінк, якія выкарыстоўваюць у падраздзяленні.
Унесці трэба было так званы КІТ-нумар, гэта значыць камбінацыю літар і лічбаў, пазначаную на транспартнай этыкетцы. Або ідэнтыфікатар тэрмінала UTID, які ёсць у меню параметраў у дадатку Starlink.
З 6 лютага Мінабароны яшчэ спрасціла працэс, цяпер гэтую інфармацыю праз DELTA змогуць уносіць не толькі ўпаўнаважаныя асобы, а любыя вайскоўцы, якія карыстаюцца тэрміналам.

Для цывільных алгарытм больш складаны.
Трэба ўзяць названыя вышэй даныя пра тэрмінал (КІТ-нумар, UTID-нумар або нумар уліковага запісу карыстальніка Старлінк), пашпарт і ідэнтыфікацыйны код і наведаць мясцовы ЦНАП (цэнтр надання адміністрацыйных паслуг). Там неабходна падаць заяву аб рэгістрацыі непасрэдна адміністратару.
Калі грамадзянін мае ў карыстанні больш за адзін тэрмінал, то ён павінен прынесці іх усе з сабой.
Для чыноўнікаў і бізнэсу прадугледжаная магчымасць падаць даныя пра свае тэрміналы праз партал «Дія».
Пасля атрымання ад украінскіх уладаў ідэнтыфікацыйных даных тэрміналаў SpaceX паступова аднаўляе працу прылад, якія ёсць у «белым спісе». У мінабароны кажуць, што гэта можа заняць да двух сутак.
Усе астатнія тэрміналы застануцца заблакаванымі.
«Белы спіс»: які эфект для расіян
Праз тры дні пасля пачатку верыфікацыі міністр Фёдараў абвясціў, што сістэма ўдала запрацавала.
«Унесеныя ў «белы спіс» Starlink працуюць — тэрміналы расіян ужо заблакаваныя», — заявіў ён.
У расійскіх сацсетках і праваенных тэлеграм-каналах з'явіліся дзясяткі паведамленняў пра «падзенне» Старлінкаў.
«Адключэнне амерыканцамі тэрміналаў Старлінк, якія выкарыстоўваюцца УС Расіі, негатыўна адбілася на арганізацыі сувязі ў нашых падраздзяленнях. Экстранна войскі арганізуюць рэзервовыя, хай і менш зручныя, спосабы сувязі», — піша буйны ТГ-канал «Два майора» (1,2 мільёна падпісчыкаў).
Расійскі «ваенны блогер» Юрый Падаляка (2,9 мільёна падпісчыкаў) апісаў сітуацыю, якая склалася ў падраздзяленнях УС РФ без спадарожнікавай сувязі, як «хаос».

«Чаго так доўга ўсе баяліся, але таемна спадзяваліся, што да канца СВА не здарыцца, — здарылася. Ілан Маск пстрыкнуў рубільнікам і 80% тэрміналаў Старлінк на фронце ўпала. Прычым з высокай імавернасцю з нашага боку яно хутка дойдзе да 100%, і толькі расійскай кемлівасцю гэта можна будзе паспрабаваць абысці», — напісаў ён 5 лютага ў тэлеграм.
Пра «хаос» і поўную «дэзарганізацыю» ў расійскіх падраздзяленнях без Старлінка кажуць і ўкраінскія крыніцы.
Дарадца міністра абароны, спецыяліст у пытаннях РЭБ і сувязі Сяргей Бяскрэстнаў (пазыўны «Флэш») заявіў, што расійская армія нават вымушаная была спыніць штурмавыя дзеянні.
«У праціўніка на франтах нават не праблема, у праціўніка катастрофа. Усё кіраванне войскамі лягло. На многіх участках спыненыя штурмавыя дзеянні», — адзначыў ён.
Статыстыка Генштаба УСУ сведчыць пра зніжэнне колькасці баявых дзеянняў на фронце пасля 2 лютага, гэта значыць з таго дня, як SpaceX пачаў адключаць «шэрыя» тэрміналы.
Калі 31 студзеня зафіксавана 338 баявых сутыкненняў, а 1 лютага — 179, то ў наступныя дні гэты паказчык упаў на 15—20%. Напрыклад, 4 лютага было 133 сутыкненні.
Крыніца Украінскай службы Бі-бі-сі ў камандаванні Генштаба УСУ пацвярджае інфармацыю пра праблемы з сувяззю ў расійскай арміі.
Сітуацыя з адключэннем Старлінкаў «істотна» паўплывала на каардынацыю дзеянняў расійскіх войскаў, і яны спрабуюць знайсці заменнікі, сказаў суразмоўца.
Нюанс у тым, што іх фактычна няма.
Чым замяніць Старлінк
Мяркуючы па першых рэакцыях на адключэнне кампаніяй SpaceX неверыфікаваных тэрміналаў Starlink, расійскія вайскоўцы ва Украіне выкарыстоўвалі іх больш масава, чым раней меркавалася.
Зараз гэты «прагал» у сістэме адміністравання доступу да амерыканскай спадарожнікавай сувязі, падобна, для іх закрыты.
Варыянты замены ёсць, але яны не настолькі эфектыўныя, надзейныя і танныя. Для блізкай сувязі — на пару дзясяткаў кіламетраў можа ўжывацца аптавалакно, радыёмасты, якія выкарыстоўваюць прынцып перадачы Wi-Fi, або радыёмадэмы, што перадаюць лічбавыя даныя па радыёканале.
У Расіі ёсць і ўласная спадарожнікавая сувязь, напрыклад, структура «Газпрам касмічныя сістэмы» (ГКС). Яе ўжываюць у баявых дзеяннях, але абмежавана.
У ГКС усяго пяць спадарожнікаў сувязі на геастацыянарнай арбіце — нашмат менш, чым у Starlink. Гэта азначае абмежаванае пакрыццё і нізкую прапускную здольнасць сігналу. Да таго ж гэтая сістэма дарагая, складаная ў абслугоўванні, патрабуе дакладнага пазіцыянавання антэны і ўстойлівай бачнасці спадарожніка, што не заўсёды можна забяспечыць у палявых умовах.
У Расіі таксама існуе праект уласнай нізкаарбітальнай спадарожнікавай групоўкі сувязі, якім займаецца прыватная кампанія «Бюро 1440» пры падтрымцы Раскосмасу.

Пачаць рэалізацыю праекта планавалася ў снежні 2025 года — на гэтым пачатковым этапе з касмадрома Плясецк павінен быў пачацца запуск першых 16‑ці касмічных апаратаў.
Да 2027 года іх колькасць на арбіце планавалася давесці да 250—300, у гэты ж час распрацоўшчыкі мелі намер запусціць сэрвіс шырокапалоснай сувязі. У перспектыве да 2035 года колькасць арбітальных апаратаў павінна была павялічыцца прыкладна да 900, каб забяспечыць глабальнае пакрыццё.
Запуск першых спадарожнікаў не адбыўся, тэрміны і прычыны пераносу афіцыйна не называюцца. Паводле даных расійскіх СМІ, прычына можа быць звязана з затрымкай у вытворчасці апаратаў.
Падзенне Старлінкаў: ці ёсць праблемы ва ўкраінскай арміі
Аднак «падзенне» неверыфікаваных тэрміналаў закранула і ўкраінскую армію. Тысячы абанентаў засталіся без сувязі, у тым ліку і падчас баявых аперацый ці кіравання дронамі.
«Мае Старлінкі да гэтага часу не апруўнутыя (не верыфікаваныя, — Рэд.), хоць заяўка ўжо даўно пададзена», — кажа Украінскай службе Бі-бі-сі вайсковец УСУ Раман, які ваюе на Запарожскім напрамку.
Такая сітуацыя ў яшчэ некалькіх яго пабрацімаў. Для выканання тэрміновых баявых задач яны просяць «арандаваць» на пару гадзін некалькі тэрміналаў у іншых падраздзяленняў, якім ужо ўдалося іх «апруўнуць».
На гэтую ж праблему звяртае ўвагу былая дэпутатка, а цяпер камандзірка ўзвода СТРК Таццяна Чарнавол.
«Адключэнне пакінула мае дзве баявыя пазіцыі пілотаў без сувязі. Нават Маск так не паскудзіў, як свае. Добра, што цяпер мае пазіцыі не ў такіх «злосных» месцах, як год таму. Таму мела магчымасць падвезці з раніцы «альтэрнатыву» на адну пазіцыю, на больш «злоснай» пазіцыі альтэрнатыва ляжала ў запасе даўно, таму мы ўжо на сувязі», — паведаміла яна 5 лютага.
Паводле яе слоў, тэрміналы Старлінк так і не запрацавалі, хоць неабходныя даныя для ўнясення ў «белы спіс» былі пададзеныя загадзя.
Мінабароны тлумачыць затрымкі аб'ёмам даных і працягласцю працэдур у SpaceX.

Акрамя таго, ёсць момант пэўнага недаверу вайскоўцаў да дзяржавы.
Вялікую колькасць тэрміналаў Старлінк байцы атрымалі ад валанцёраў, сяброў ці сваякоў. Гэта значыць, яны афіцыйна не стаяць на балансе вайсковай часці. Яны баяцца, што камандаванне забярэ іх, калі яны будуць верыфікаваныя.
У Мінабароны абяцаюць не забіраць гэтыя прылады і не прымушаць вайскоўцаў ставіць зарэгістраваныя Старлінкі на баланс.
«Даю вам слова, што гэтыя даныя патрэбныя толькі для рэестра тэрміналаў, якія будуць працаваць у краіне. Ніхто не будзе неўзабаве забіраць у вас Старлінкі або ставіць іх на баланс», — падкрэслівае раднік міністра Сяргей «Флэш».
У любым выпадку гэты працэс набірае абароты і ў найбліжэйшы час усе «ўкраінскія» тэрміналы Старлінк вернуцца да працы. А «расійскія» так і будуць дэактываванымі. І Крэмль павінен прыдумаць, як гэта тэрмінова вырашыць.
Адключэнне ад Starlink запаволіла тэмпы расійскага наступлення. Але ці надоўга?
Расійскія ваенкары заяўляюць пра калапс сувязі на фронце пасля блакіроўкі Starlink
Расійскія ваенкары скардзяцца на закрыццё сувязі праз Starlink. Паўздзейнічалі ўкраінскія контрмеры?
Маск плануе стварыць на калязямной арбіце сапраўднае сузор’е цэнтраў апрацоўкі даных. Расія занепакоеная
Расія пачала выкарыстоўваць ва Украіне шахеды, падключаныя да Starlink. Што вядома і чаму гэта небяспечна
Цяпер чытаюць
Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі
Каментары