БЕЛ Ł РУС

Нацыянальны мастацкі музей набыў слуцкі пояс даўжынёй больш за чатыры метры

19.05.2026 / 21:13

Nashaniva.com

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі папоўніў сваю калекцыю новым каштоўным экспанатам — цэлым слуцкім поясам даўжынёй каля 4 метраў 60 сантыметраў, які быў набыты ў прыватнай асобы. У сюжэце дзяржаўнага тэлебачання намякнулі, яго кошт можа быць вельмі высокім — на ўзроўні сумы з пяццю нулямі, піша Reform.news.

Скрыншот з відэа

Асаблівасць гэтага пояса ў тым, што ён выдатна захаваўся: мае багаты ўзор з залатых нітак, а таксама рэдкую дэталь — арыгінальныя махры на канцах. Такія элементы часта не даходзяць да нашых дзён, таму знаходка лічыцца сапраўды каштоўнай.

Даследчыкі адносяць пояс прыкладна да 1807 года і называюць яго адным з найлепшых узораў свайго часу. Вядома, што ў той перыяд Слуцкая мануфактура належала Каралю Станіславу Радзівілу — і на поясе нават захавалася адпаведная метка.

Слуцкія паясы былі важным элементам адзення заможнай шляхты. Іх ткалі з шоўку, а таксама залатых і срэбных нітак. Спачатку такія паясы прывозілі з Усходу, але з часам у Вялікім Княстве Літоўскім наладзілі ўласную вытворчасць, якая дасягнула вельмі высокага ўзроўню майстэрства.

Сама Слуцкая мануфактура была заснавана ў 1760 годзе князем Міхалам Казімірам Радзівілам. Для навучання мясцовых майстроў запрасілі спецыяліста — Яна Маджарскага, рамесніка армянскага паходжання. Вытворчасць працягвалася каля 50 гадоў і пакінула пасля сябе славутую культурную спадчыну.

Сёння слуцкія паясы лічацца вялікай рэдкасцю: у свеце захавалася менш за тысячу такіх вырабаў, і толькі некалькі дзясяткаў знаходзяцца ў беларускіх музеях. Значная частка калекцый была страчана падчас Другой сусветнай вайны.

Набыты пояс пакуль не будзе выстаўлены — яго плануюць захоўваць у музейных фондах.

Чытайце таксама:

Дызайнерка стварае шыкоўныя інтэр'еры з беларускім каларытам ФОТЫ

На будынку новага Нацыянальнага гістарычнага музея з'явіліся гарэльефы. Што на іх?

Галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі плануюць закрыць на рэканструкцыю

Арыштаваныя ў ксяндза Генрыха Акалатовіча старадаўнія іконы вывезлі ў Нацыянальны мастацкі музей і выставілі на аўкцыён

Мінкультуры расказала пра спробы вяртання беларускіх каштоўнасцяў, страчаных падчас войнаў

Каментары да артыкула