«Пакуль чытаеш, здаецца, і піўка сербануў». Новы білборд да Lidbeer-2026, які крыва сабралі мантажнікі, стаў хітом
Калі ты сто разоў вычытваеш кожную літару для білборда, каб не дапусціць ніводнай памылкі, будзь гатовы, што на фінішы прыйдуць мантажнікі і скажуць сваё важкае слова. У такую камічную сітуацыю патрапілі арганізатары фестывалю Lidbeer.
У афіцыйным акаўнце «Лідскага піва» з’явіўся пост адчаю: «Робім афішы да Lidbeer-2026. Макет прайшоў сотню ўзгадненняў. 100 разоў праверылі, каб не было арфаграфічных памылак. Мантажнікі білбордаў, у якіх была роўна адна задача: «Ахаахаха».
Што хацелі сказаць надпісам на білбордзе «ЯДНЕАМ РОЗЬНІХ», разумееш не адразу.
Каментатары выбухнулі жартамі, адзначаючы, што аднаго білборда хапае, каб атрымаць эфект прадукцыі рэкламадаўцы.
«Што бывае, калі начальства патрабуе намаляваць банер для білборда, але спачатку хочацца выпіць «Лідскага».
«Пакуль чытаеш, здаецца, і піўка сербануў, і трошкі павяло!»
Не абышлося і без згадак іншых гучных айчынных фэйлаў: «Здаецца, гэта тыя ж самыя людзі, якія рабілі помнік беларускай жанчыне».
Нехта шчыра прызнаецца: «Я не разумею, што там наогул мусіла быць напісана».
Шмат хто ўпэўнены, што памылку трэба тэрмінова патэнтаваць і ўзнагародзіць мантажнікаў.
«Пакінуць і не чапаць, гэта палец Божы вам спрыяе!»
«Пакідайце — гэта канкрэтная фішка!»
«Па-мойму, гэта гатовы мерч для піва тыпу «Моцнае».
«Выглядае як новы мем».
«Прэмію мантажнікам! Ці маркетолагам, калі так і было задумана. Можа, яно так і планавалася?»