«Кожнаму не дагодзіш». Улады пакрыўдзіліся на параўнанне з надмагіллем знака да Года беларускай жанчыны
У Нясвіжы 25 красавіка ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар работніц жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ініцыятыву прымеркавалі да абвешчанага Лукашэнкам Года беларускай жанчыны. Аднак у сацсетках яго назвалі надмагіллем. У райвыканкаме праз гэта засмуціліся і прызналіся, што прасцей наогул нічога не рабіць, чым потым атрымоўваць крытыку.

«Гэтая ідэя спантанна ўзнікла ў абласной ЖКГ: вось такі добры горад, давайце зладзім такую акцыю. Ну вось правялі. Лепш іх больш не праводзіць», — сказалі карэспандэнтцы «Белсата» як прыватнай асобе ў Нясвіжскім райвыканкаме на просьбу пракаментаваць «надмагільную пліту» ў гонар Года беларускай жанчыны.
Гэты знак паставілі на тэрыторыі гістарычна-культурнага музею-запаведніку, дзе заклалі алею і стварылі «новую грамадскую прастору «Жанчыны ЖКГ — разам».
«Яшчэ год жанчыны не скончыўся, а яны яе ўжо пахавалі», «Памінкі беларускай жанчыны», «Гэта што, братэрская (сястрынская) магіла жанчын ЖКГ? Неяк страшна зрабілася» — вось толькі некаторыя каментары з сацсетак.
На гэта ў выканкаме адказалі, што «ў кожнага сваё меркаванне»:
«Тры ці пяць асоб, якія ў інтэрнэце выказалі сваю думку, — гэта ўжо прызнаецца за бальшыню? Што за кіпіш падняўся, не разумею. Проста ў кожнага свой густ. Камусьці падабаецца, камусьці не падабаецца. Кожнаму не дагодзіш».
Чыноўнікі запэўніваюць, што памятны знак атрымалі бясплатна, але не прызналіся, хто яго зрабіў. Кажуць: звычайны камень прывезлі з поля і распілавалі.
«Гэта не помнік, гэта проста знак, які абазначае, што жанчыны ЖКГ у Год жанчыны ўсе разам высадзілі прыгожую алею. Там яблынькі такія дэкаратыўныя, жоўтыя і чырвоныя, будуць. І дрэвы кшталту сакуры. З боку Бернардынскай сажалкі будзе вельмі прыгожа выглядаць».
Пасля хвалі крытыкі памятны знак могуць перарабіць, не выключылі ў выканкаме. Сказалі, што параяцца. Пры гэтым прэтэнзіі адыёзнай Вольгі Бондаравай, якая таксама абурылася выглядам знаку, там адрынулі: «А гэта для нас аўтарытэт? Вось гэтую жанчыну асабіста не ведаю і не чытаю ейныя каментары. І, шчыра кажучы, для мяне як для беларуса яна не аўтарытэт».
Больш важнымі для ўладаў былі б водгукі ад мясцовых жыхароў, а не ад «канапных кватэрных блогераў»:
«Перад тым, як абмяркоўваць, патрэбна хаця б адзін раз узяць актыўны ўдзел у жыцці свайго гораду, раёну. Калі б нехта ўзяў удзел, пасадзіў алею, паставіў лаўкі, нешта яшчэ і потым сказаў: зрабілі глупства нейкае, варта перарабіць — мы б гэта прымалі».
Напрыканцы суразмоўца «Белсата» панаракаў, што ініцыятыўных людзей у горадзе мала, і праз гэта апускаюцца рукі нешта рабіць:
«Мы тут у Нясвіжы нешта робім, шмат чаго робіцца, і скверы розныя, і іншае, іншае. Аднак чамусьці гэта робіць вельмі невялікая суполка ініцыятыўных людзей. А калі ідэя здзяйсняецца, столькі крытыканаў знаходзіцца, што, шчыра кажучы, лепш бы нічога не рабіць. Атрымоўвалі б крытыку, што нічога не робіцца — і ўсё на гэтым».
Каментары
[Зрэдагавана]
Ну дык адных ініцыятыўных пасажалі, іншых выціснулі з гораду, а хто цудам застаўся - душаць.
А ў “ініцыятыўных” выканкамаўцаў густ ніжэй плінтуса: большасць натыканага па Нясвіжы ў апошнія дзесяцігоддзі прыкладна такога ж узроўню
Ідэя Лукашэнкі пра год беларускай жанчыны адразу ж выглядала як абсурдны і двутварны экспромт. Асабліва на фоне працягу палітычных рэпрэсій супраць жанчын усіх узростаў, асабістага рашэння дыктатара пахаваць закон супраць ідэалагічна блізкага яму хатняга гвалту і дзяржаўнага патрыярхальнага стаўлення да беларускай жанчыны як да самкі, адзіная справа якой - серыйна нараджаць танную бяспраўную працоўную сілу для рэжыма і маўчаць самой. Дастаткова ўзгадаць сустрэчу Качанавай пару гадоў таму з беларускімі студэнтамі, пад час якой яна начальственым тонам распякала прысутных дзяўчат за тое, што тыя неактыўна нараджаюць і маўляў, чаго вы вочы апускаеце?! Між тым ў няволі нават жывёлы ня вельмі добра размнажаюцца, хіба што каровы на ферме пасля штучнага асемянення шпрыцом.