Яшчэ траіх чалавек асудзілі за «Гуканне вясны» ў Гомелі
Яшчэ як мінімум траіх чалавек асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за ўдзел у абрадзе «Гуканне вясны» ў Гомелі па абвінавачанні ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, піша «Флагшток».
Абрад праходзіў 21 сакавіка, а тэрмін прыцягнення да адказнасці паводле КаАП — два месяцы з дня здзяйснення правапарушэння. Таму міліцыянты змаглі на законных падставах пакараць за ўдзел у абрадзе яшчэ некалькіх чалавек.
Нагадаем, раней як мінімум адзін удзельнік «Гукання вясны» атрымаў 15 сутак арышту, пяць чалавек — максімальныя штрафы ў 100 базавых велічынь, гэта 4 500 рублёў (больш за 1,5 тыс. долараў). Яшчэ адзін чалавек, якога палічылі арганізатарам, — штраф у 150 базавых велічынь, гэта 6 750 рублёў (амаль 2,3 тыс. долараў).
Сярод тых, каго аштрафавалі, паводле звестак «Флагштока», быў і ўчастковы інспектар міліцыі Віктар Шыпкоў. Яго не сталі звальняць — дагэтуль ён значыцца ўчастковым у базе МУС.
Рэстаран «Спадчына», дзе праводзілі абрад, працягвае працу — ён быў зачынены некаторы час, але затым зноў адкрыўся. Праўда, мерапрыемстваў на тэму беларускай культуры і кухні тут больш не анансуюць.