БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку

21.05.2026 / 10:46

Nashaniva.com

Андрэй Спасаў — майстар спорту, дэсантнік. Да 2020 года ён працаваў у Службе бяспекі Лукашэнкі. Нядаўна стала вядома, што Спасава асудзілі па палітычных крымінальных артыкулах. Дакладны тэрмін прысуду пакуль невядомы, але факт, што былы афіцэр цяпер адбывае пакаранне ў калоніі.

Андрэй Спасаў. Фота: Belpol, выява згенераваная з дапамогай Gemini

Андрэю Спасаву 49 гадоў. З самага дзяцінства яго жыццё было непарыўна звязана са спортам. Юнак паспяхова скончыў Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву і стаў майстрам спорту па боксе.

Працоўны шлях Спасава ў сілавых структурах пачаўся са службы ў войску, дзе ён трапіў у 38‑ю Брэсцкую дэсантную брыгаду. Ужо будучы майстрам спорту, ён уваходзіў у зборную брыгады па рукапашным баі і шматразова прывозіў медалі з розных спаборніцтваў.

Пасля заканчэння тэрміновай службы Андрэй вырашыў застацца ў войску. Ён працягнуў службу ў афіцэрскім атрадзе спецыяльнага прызначэння, які пазней перадыслакаваўся ў Віцебск. Гэта пацвярджаюць і звесткі Belpol.

Знаёмыя называюць яго «воінам па натуры, які не шукаў лёгкага хлеба, а проста хацеў займацца сапраўднай мужчынскай справай і абараняць Радзіму».

З часам кар'ера Андрэя пайшла ўгару — ён перайшоў служыць у Службу бяспекі прэзідэнта. Са слоў яго знаёмага, гэты крок быў прадыктаваны не жаданнем выслужыцца ці быць бліжэй да Лукашэнкі, а тым, што ў гэтым падраздзяленні існавалі добрыя ўмовы для прафесійнага развіцця.

Аднак у 2020 годзе (ці нават крыху раней) ён звольніўся. Знаёмы кажа, што гэта адбылося праз тое, што афіцэр сутыкнуўся з рэчамі, якія ніяк не сумяшчаліся з яго паняццямі пра гонар і годнасць. «Воін па натуры, які абраў гонар», — кажа наш суразмоўца. Пасля гэтага Андрэй, мяркуючы па ягоных сацсетках, працаваў на рабочых спецыяльнасцях — будаўніком, печніком, зваршчыкам.

Вядома таксама, што ў апошнія гады перад 2020‑м Спасаў ездзіў у камандзіроўкі ў Афрыку ад «Белгеапошука».

Аднак нядаўна стала вядома, што мужчыну асудзілі ў Мінскім абласным судзе. Дакладныя абставіны затрымання і пераследу нідзе не ўсплывалі, але вядома, што гэта адбылося ў другой палове 2025 года.

Андрэя Спасава прызналі вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Зараз былы афіцэр знаходзіцца ў калоніі.

Чытайце таксама:

Беларускамоўнага выкладчыка Медуніверсітэта асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Галоўную медсястру Цэнтральнай раённай паліклінікі Баранавічаў асудзілі за палітыку і выкінулі з працы

Беларускага бізнэсмена, які жыў у Латвіі, асудзілі па справе Гаюна

Каментары да артыкула