Раcія працягвае ціснуць на Арменію і словамі, і справамі
Былы міністр абароны Расіі, а цяпер сакратар Рады бяспекі Сяргей Шайгу заявіў, што апошнія дзеянні ўладаў Арменіі не адпавядаюць саюзніцкім адносінам з Расіяй і носяць непрыязны характар. Ён выказаў шэраг прэтэнзій да армянскага боку.
Сяргей Шайгу
Па словах Сяргея Шайгу, у 2025—2026 гадах Арменія пачала арыентавацца на супрацоўніцтва з краінамі, якія Расія лічыць недружалюбнымі. Таксама ён раскрытыкаваў тое, што ў Ерэване на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці прысутнічаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, што, маўляў, непавага да памяці армян, якія змагаліся супраць нацызму.
Шайгу падкрэсліў, што Расія пастаўляе ў Арменію шэраг важных тавараў — газ, збожжа, муку, угнаенні і бензін — па значна ніжэйшых, прыкладна ўтрая меншых за рыначныя, цэнах. Пры гэтым ён паставіў пад сумнеў, наколькі выгаднымі будуць для Арменіі пастаўкі яе прадукцыі, напрыклад абрыкосаў, стронгі і мінеральнай вады, у краіны Еўрапейскага саюза.
Ён таксама адзначыў, што менавіта супрацоўніцтва з Расіяй з’яўляецца асновай эканомікі Арменіі, і дадаў, што ў 1990‑я гады, дзякуючы Расіі, краіна змагла захаваць свой суверэнітэт.
Гэтыя выказванні Шайгу не выпадковыя, паколькі паралельна з гэтым Рассельгаснагляд заявіў, што з 22 мая ўводзіць абмежаванні на ўвоз кветак з Арменіі.
«Рашэнне прынята для абароны фітасанітарнага дабрабыту і экспартнага патэнцыялу Расіі. Нягледзячы на дадзеныя гарантыі Інспекцыйнага органа па бяспецы харчовых прадуктаў Арменіі, выяўленне каранцінных для ЕАЭС аб’ектаў працягваецца», — паведамілі ў ведамстве.
У Рассельгаснаглядзе сцвярджаюць, што пры ўвозе 96,2 мільёна штук кветкавай прадукцыі было выяўлена 135 выпадкаў заражэння. Гэта складае, маўляў, 77% ад агульнай колькасці выяўленняў за ўвесь 2025 год.
Фармальна гэта выглядае як абмежаванні па чыста тэхнічных прычынах, аднак даўно вядома, што санітарныя абмежаванні для імпарту з краін, кіраўніцтва ці народ якіх нечым не дагадзілі Крамлю — стандартная практыка расійскіх уладаў. Знаходжанне Рассельгаснаглядам у прадукцыі чагосьці шкоднага амаль заўсёды дзівосным чынам супадае з агульным пагаршэннем міждзяржаўных адносін.
Чытайце таксама:
Турцыя аб'явіла пра адмену абмежаванняў на прамы гандаль з Арменіяй
Пашынян адмовіўся прысутнічаць на парадзе ў Маскве
Пуцін заявіў, што вайна ва Украіне «блізкая да завяршэння», і хоча, каб перамоўнікам быў Шродэр
Пашынян паскардзіўся кіраўніцтву ЕС на гібрыдныя пагрозы
Спікер армянскага парламента: Мы не дазволім ператварыць Арменію ў губерню, як Беларусь
«Мы абралі шлях дэмакратызацыі, яны — крыху іншы». У Арменіі адрэагавалі на ноту беларускага МЗС