БЕЛ Ł РУС

Ініцыятыва Maldzis алічбавала і выклала ў адкрыты доступ выкуплены архіў каталіцкай парафіі з Гродзеншчыны

20.05.2026 / 21:32

Nashaniva.com

Беларуская ініцыятыва Maldzis алічбавала і выклала ў адкрыты доступ архіў парафіі ў Вялікіх Эйсмантах, што на Гродзеншчыне, датаваны першай паловай XIX стагоддзя. У сакавіку ён быў набыты на польскім аўкцыёне на сродкі мецэната ініцыятывы Іллі Пакроўскага, піша Most.

Ілюстрацыя: maldzis.world

Выкуплены архіў — гэта так званы капіярый — рукапісны зборнік распараджэнняў царкоўных і свецкіх уладаў, а таксама рознага службовага ліставання. У ім захаваліся звесткі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці, трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра метрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касцёла і шмат іншага.

Як паведаміў Maldzis, працы сканавання былі выкананыя ў Лодзі спецыялізаванай кампаніяй — Пятром Скандальскім і Мацеем Невядомскім — дзякуючы падтрымцы рэгулярных ахвярадаўцаў ініцыятывы. Атрымаўся PDF-файл памерам 1,7 ГБ. Дзякуючы высокай якасці файла ён прыдатны для падрабязнага вывучэння.

«Алічбаваныя архівы перастаюць быць недасяжнай рэдкасцю, схаванай у адзінкавым экзэмпляры. Яны становяцца агульным здабыткам — гісторыкі, краязнаўцы, даследнікі і проста цікаўныя людзі з любога кутка свету могуць працаваць з імі ў любы час. А значыць, імёны мясцовых жыхароў, сямейныя гісторыі, штодзённыя падзеі ваколіц Горадні XIX стагоддзя выходзяць з нябыту і вяртаюцца ў жывую памяць», — кажа кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч.

Прадстаўнікі ініцыятывы абяцаюць, што ў будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка вернецца на сваё месца — у парафію імя Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.

Чытайце таксама:

MALDZIS выкупіў старадаўні архіў парафіі з Гарадзеншчыны

Ініцыятыва Maldzis выкупіла 30 літаграфій мастака Напалеона Орды

«Ідуць шляхам Бабарыкі»: Мікіта Моніч адказаў Радзівону Коласу на крытыку ініцыятывы Maldzis

Экс-супрацоўнік Акадэміі навук наехаў на ініцыятыву Maldzis: Непрафесіяналы дыскрэдытуюць сапраўдных навукоўцаў. Мацукевіч адказаў

Каментары да артыкула