БЕЛ Ł РУС

Пад Барысавам мядзведзіца нарадзіла ажно чатырох медзведзянят. Гэта вельмі рэдкі выпадак

20.05.2026 / 21:51

Nashaniva.com

У Беларусі зафіксавалі вельмі рэдкі выпадак: бурая мядзведзіца нарадзіла адразу чатырох дзіцянят, што лічыцца сапраўдным рэкордам. Пра гэта паведаміла Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Выпадак адбыўся ў Барысаўскай паляўнічай гаспадарцы.

Скрыншот з відэа

На відэа, якое з’явілася ў сеціве, відаць, як мядзведзіца ноччу пераходзіць дарогу, а за ёй ідуць чацвёра медзведзянят. Мяркуецца, што ім ужо некалькі месяцаў.

Звычайна бурая мядзведзіца нараджае аднаго або двух, радзей трох дзіцянят. Таму з’яўленне адразу чатырох — вялікая рэдкасць.

Медзведзяняты нараджаюцца зімой, падчас спячкі, прыкладна ў студзені—лютым. Яны з’яўляюцца на свет вельмі маленькімі, сляпымі і бездапаможнымі, важаць усяго каля 400—750 грамаў. Таму яшчэ з восені самка старанна рыхтуе і ўцяпляе бярлогу, каб малыя маглі выжыць.

Мядзведзіцы не прыносяць патомства кожны год — звычайна паміж нараджэннямі праходзіць два-тры гады.

Паводле даных Міністэрства сельскай гаспадаркі, у лясах Беларусі можа жыць да тысячы мядзведзяў, і іх папуляцыя паступова павялічваецца. Спецыялісты адзначаюць, што беларускія мядзведзі звычайна не агрэсіўныя: ужо шмат гадоў не было выпадкаў з’яўлення так званых «шатуноў» (мядзведзяў, якія не ўпалі ў спячку і могуць быць небяспечнымі).

Чытайце таксама:

«Нешта ў грыбы сёлета расхацелася». Пад Барысавам на полі пабачылі адразу пяць мядзведзяў

Трое мядзведзяў дурэлі на полі ў Вілейскім раёне

Літоўскія памежнікі паказалі, як каля мяжы з Беларуссю раку пераплывае мядзведзь ВІДЭА

Трох мядзведзяў сустрэлі каля дарогі ў Вілейскім раёне

Мядзведзь ужо тыдзень абкрадае пчаляра пад Шумілінам

Каментары да артыкула