Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу
На тэрыторыі полацкага Верхняга замка ўрачыста адкрылі помнік у гонар герояў-лётчыкаў, якія загінулі ў 2021 годзе. Замест макета сучаснага самалёта Як-130, на якім яны здзейснілі свой подзвіг, тут паставілі савецкі знішчальнік МіГ-15.
Урачыстае адкрыццё помніка на тэрыторыі Полацкага кадэцкага вучылішча, для якога выкарыстаны анахранічны савецкі самалёт 1950‑х гадоў. На заднім плане — Сафійскі сабор, найстарэйшы мураваны будынак на тэрыторыі Беларусі. Фота: belkadet.by
Новы помнік звязаны з трагедыяй, што адбылася 19 мая 2021 года над Баранавічамі. У выніку адмовы сістэмы кіравання вучэбна-баявога самалёта Як-130, маёр Андрэй Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Куканенка коштам уласных жыццяў адвялі некіраваную машыну ад жылой забудовы.
19 мая 2026 года, у пятую гадавіну трагедыі, у Полацкім кадэцкім вучылішчы, выпускніком якога быў адзін з загінулых пілотаў Мікіта Куканенка, адкрылі манумент. Рашэнне ўшанаваць памяць лётчыкаў зразумелае, але выбар сродкаў для гэтага ўшанавання выклікае здзіўленне.
Савецкі самалёт-помнік МіГ-15, усталяваны на тэрыторыі Полацкага кадэцкага вучылішча ў гонар лётчыкаў, якія загінулі на сучасным Як-130. Фота: belkadet.by
На невысокі пастамент паставілі МіГ-15 — першы масавы савецкі рэактыўны знішчальнік, распрацаваны ў канцы 1940‑х гадоў. Гэты самалёт, сімвал сталінскай эпохі і халоднай вайны, удзельнік зусім іншага гістарычнага наратыву. Яго «зорны час» — вайна ў Карэі 1950—1953 гадоў.
У той жа час Як-130, на якім загінулі пілоты, — гэта сучасны вучэбна-баявы самалёт, распрацаваны ўжо ў постсавецкі перыяд і прыняты на ўзбраенне ў Беларусі ў 2015 годзе. Гістарычная і тэхналагічная прорва паміж гэтымі дзвюма машынамі складае каля 70 гадоў.
Як выглядае Як-130. Аўтары помніка, відаць, палічылі адрозненні неістотнымі. Фота: Wikimedia Commons
Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, усталяваны ў Полацку МіГ-15 быў перададзены з музея 116‑й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы з Ліды. Гэта спісаны экспанат, які не мае ніякага дачынення не толькі да канкрэтнай трагедыі, але і да сучаснай беларускай авіяцыі ўвогуле. Каб хоць неяк стварыць ілюзію сувязі, на борт машыны проста нанеслі чырвоную лічбу «116» — нумар авіябазы, у якой і служылі абодва загінулыя лётчыкі.
Размяшчэнне помніка толькі ўзмацняе адчуванне недарэчнасці. Верхні замак у Полацку — гэта першарадны гістарычны і археалагічны аб'ект, месца, адкуль пачыналася беларуская дзяржаўнасць. Савецкі знішчальнік усталявалі ўсяго за сто метраў на ўсход ад Сафійскага сабора — найстаражытнейшага мураванага будынка краіны і сімвала яе дзяржаўнасці і незалежнасці, прэтэндэнта на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Савецкі самалёт-помнік МіГ-15 на фоне Сафійскага сабора. Фота: pvestnik.by
Сумнай прыкметай культурнага заняпаду ў сферы манументальнага мастацтва сучаснай Беларусі з’яўляецца і пастамент помніка: замест натуральнага каменю, які толькі і пасуе для такога першараднага гістарычнага месца, яго абліцавалі таннай шэрай керамагранітнай пліткай. На жаль, гэта не першы і не апошні прыклад выкарыстання матэрыялу, які дарэчны для аздаблення гандлёвых цэнтраў ці падземных пераходаў, на помніках у Беларусі за апошнія гады.
Новы помнік добра бачны з тэрыторыі Верхняга замка, але, нягледзячы на ранейшыя абяцанні зрабіць тэрыторыю вучылішча адкрытай, ён знаходзіцца на тэрыторыі, абнесенай агароджай і недаступнай наведвальнікам.
Стэла ў гонар Героя Беларусі Мікіты Куканенкі. Фота: sb.by
Звяртае ўвагу таксама суседняя стэла ў гонар загінулага Мікіты Куканенкі: значная частка тэксту на ёй прысвечаная не столькі самому ўчынку, колькі таму, што званне Герой Беларусі было прысвоена ім «указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Фота: belarus-news.by