На адным з мінскіх прадпрыемстваў загінуў рабочы
Па інфармацыі Следчага камітэта, прычынай трагедыі стала службовая халатнасць і парушэнні тэхнікі бяспекі.
Фота: Следчы камітэт
Паведамляецца, што 36‑гадовы мужчына выконваў будаўнічыя работы: стаяў на падмостках і тынкаваў панэль для каркаснага домабудавання. Гэтая панэль была проста прыхіленая да сталярнага стала і не была належным чынам замацаваная. У нейкі момант канструкцыя вагой больш за дзве тоны ўпала і прыціснула рабочага. Ад атрыманых траўмаў ён загінуў на месцы.
Следства высветліла, што на прадпрыемстве былі сур’ёзныя парушэнні. 48‑гадовая дырэктарка і яе 49‑гадовы намеснік неналежным чынам выконвалі свае абавязкі і не гарантавалі бяспечныя ўмовы працы. У прыватнасці:
- не было належнай падрыхтоўкі вытворчага працэсу;
- не кантралявалася замацаванне цяжкіх канструкцый;
- сталярны стол выкарыстоўваўся не па прызначэнні;
- работніку не выдалі сродкі індывідуальнай абароны.
Акрамя таго, загінулы не праходзіў неабходнае навучанне, стажыроўку і інструктаж па ахове працы і не меў адпаведнай кваліфікацыі, але яго ўсё роўна дапусцілі да выканання работ.
Усё гэта ў сукупнасці і прывяло да трагічнага выпадку.
Чытайце таксама:
На Гродзеншчыне ў аварыі загінулі жанчына і гадавалае дзіця