БЕЛ Ł РУС

Мерц прапанаваў узяць Украіну ў ЕС у якасці асацыяванага члена

21.05.2026 / 19:35

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц прапанаваў для паскарэння інтэграцыі Украіны ў Еўрапейскі Саюз увесці для яе новы прамежкавы статус — статус асацыяванага члена, паведамляе Deutsche Welle.

Уладзімір Зяленскі і Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo/Ebrahim Noroozi

Галоўная ідэя гэтай прапановы — у тым, каб Украіна магла хутчэй і больш шчыльна інтэгравацца ў структуры ЕС, але без поўных правоў члена. Гэта значыць, што краіна магла б удзельнічаць у пасяджэннях розных інстытутаў Еўрасаюза, аднак без права голасу і без магчымасці ўплываць на канчатковыя рашэнні.

Пры гэтым Мерц лічыць, што поўнае членства Украіны найбліжэйшым часам нерэалістычнае. Ён тлумачыць гэта вялікай колькасцю перашкод і складанымі працэдурамі ратыфікацыі ў краінах ЕС, якія могуць зацягнуць працэс на доўгія гады. Таму ён прапануе не чакаць завяршэння ўступлення, а пачаць паглыбленую інтэграцыю ўжо зараз.

Згодна з яго прапановай, Украіна магла б удзельнічаць у пасяджэннях Рады ЕС і Еўрапейскай рады, але без права галасаваць. Таксама прадугледжваецца ўдзел прадстаўнікоў Украіны ў Еўракамісіі і Еўрапарламенце ў якасці назіральнікаў без галасоў, а таксама спецыяльны ўдзел у Еўрапейскім судзе.

Асобна падкрэсліваецца, што такі статус не патрабуе поўнай юрыдычнай працэдуры ўступлення або змянення дамоў ЕС — дастаткова палітычнага пагаднення паміж краінамі.

Фінансава Украіна спачатку не будзе плаціць унёскі ў бюджэт ЕС і не будзе атрымліваць адтуль прамых выплат, але доступ да некаторых праграм можа адкрывацца паступова. Таксама прапануецца паэтапнае ўвядзенне еўрапейскага заканадаўства.

Важным элементам з’яўляецца бяспека: Мерц прапануе, каб краіны ЕС узялі на сябе абавязак узаемнай дапамогі Украіне ў выпадку пагроз, што павінна стаць дадатковай гарантыяй абароны падчас вайны. Ён таксама прапануе максімальна зблізіць знешнюю і абаронную палітыку Украіны з палітыкай ЕС.

Акрамя гэтага, у прапанове ёсць пункт пра магчымасць пазбаўлення гэтага статусу, калі Украіна парушыць асноўныя каштоўнасці ЕС або значна адступіць ад рэформаў.

Для іншых кандыдатаў у ЕС, напрыклад Албаніі, Чарнагорыі і Малдовы, Мерц прапануе іншыя формы паскоранай інтэграцыі, але не ідэнтычны статус.

Чытайце таксама:

Мерц заявіў, што ЗША больш не «краіна магчымасцяў». Сваіх дзяцей ён бы туды не адпраўляў

Трамп параіў Мерцу заняцца Украінай і Германіяй, а Стармеру — браць прыклад з Карла ІІІ

Мерц мяркуе, што Украіне ў абмен на шлях у ЕС давядзецца пагадзіцца са стратай тэрыторый

Каментары да артыкула