У цэнтры Вільні беларусы правялі мітынг і нагадалі пра тых, хто застаецца за кратамі ФОТА
Каб зачытаць спіс усіх палітвязняў, спатрэбілася больш за гадзіну.
Фота тут і далей: «Наша Ніва»
На Кафедральнай плошчы ў Вільні 21 траўня прайшла выстава і мітынг, прысвечаныя Дню салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Беларусы Літвы, былыя палітвязні, актывісты сабраліся, каб нагадаць: за кратамі ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца людзі, асуджаныя за свае перакананні, грамадзянскую пазіцыю, журналісцкую працу і права гаварыць свабодна.
На плошчы зачытваўся спіс усіх беларускіх палітвязняў, якія зараз знаходзяцца за кратамі, з іх тэрмінамі. Каб пералічыць усіх, спатрэбілася больш за гадзіну. Асобна стаялі партрэты загінулых за кратамі палітвязняў.
На плошчы разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг.
Дата акцыі невыпадковая. Роўна пяць гадоў таму ў шклоўскай калоніі загінуў палітвязень Вітольд Ашурак.
На вялікай расцяжцы размешчаныя партрэты беларускіх палітвязняў. Мінакі падыходзілі і разглядалі іх.
З самага дня на плошчы працавала выстава мастацкіх работ, створаных былымі палітвязнямі і беларускімі мастакамі.
Частка карцін і малюнкаў была зроблена непасрэдна ў турмах і калоніях.
Сярод аўтараў — Павел Севярынец, Андрэй Войніч, Анатоль Хіневіч, Вольга Якубоўская, Ксіша Ангелава, а таксама ананімныя аўтары, якія не могуць адкрыта называць свае імёны.
Турэмныя малюнкі былога палітвязня і палітыка Паўла Севярынца.
Акцыя звяртала на сябе ўвагу мінакоў, напрыклад тых, хто прабягаў побач.