БЕЛ Ł РУС

Папулярны трэвел-блогер з Польшчы наведаў Беларусь. Такіх цэн і колькасці камер ён не чакаў

25.05.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Польскі блогер з амаль 600 тысячамі падпісчыкаў у ютубе наведаў Беларусь. Вось што здзівіла паляка.

Фота тут і далей: скрыншоты з відэа на ютуб-канале «Kamil — In Travel»

Гутарка на мяжы і два тэлефоны

Пра сваё падарожжа блогер Каміл Ціхоцкі выпусціў два відэа на ютуб-канале «Kamil — In Travel». Гэта яго першая паездка ў Беларусь.

Галоўнай перашкодай ён назваў доўгі час праходжання мяжы.

З Варшавы ён дабіраўся аўтобусам, а на мяжы даведаўся, што, падсеўшы ў легкавое аўто, прайсці кантроль можна значна хутчэй, таму за 20 еўра знайшоў ахвотнага ўзяць яго на падсадку да Брэста.

Але хутка ўсё адно не атрымалася, бо толькі на «гутарку» і праверку тэлефона пайшло дзве гадзіны.

Праўда, Каміл прызнаўся, што ў яго з сабою было два тэлефоны. Асноўны ён схаваў у машыне, а на размову ў кабінет пайшоў са сваім другім смартфонам, на якім асабліва нічога няма. І каб яго дакладна пусцілі ў Беларусь, сказаў, што едзе толькі ў Брэст, бо, на ягоную думку, скажы ён, што збіраецца яшчэ і ў Мінск, то ў краіну яго маглі і не пусціць.

У тэлефоне паляка праглядзелі ўсе фоты, пасля чаго пачалі разблакоўваць і праглядаць усе дадаткі.

Таксама ў блогера і яго спадарожніка старанна праверылі ўсе рэчы, а мікрааўтобус адправілі на сканер.

У відэа блогер пасля адзначаў: ён ніколі не паглыбляецца ў палітычныя пытанні, бо не з’яўляецца палітыкам, а таму паказвае краіны з турыстычнага пункта гледжання. За некалькі месяцаў да Беларусі ютубер наведваў Расію.

Першыя ўражанні ад Брэста

Першае, што ўразіла паляка ў Брэсце, — вялікая колькасць старых прыватных будынкаў у цэнтры горада, шмат з якіх мелі шыферны дах.

Маўляў, у Польшчы раней такіх было таксама шмат, але калі навукоўцы паведамілі, што такі дах шкодны, то яго пачалі змяняць.

Далей ён наведаў старыя каталіцкія могілкі з вялікай колькасцю помнікаў на польскай мове.

Шпацыруючы па горадзе, ён завітаў у краму, дзе ўразіўся беларускім прысмакам, вялікім выбарам мармеладу і цукерак «Кароўка» з рознымі смакамі. Таксама ён адзначыў, што Беларусь знакамітая сваім марожаным і што яно надзвычай таннае.

Пры наведванні рынку блогер быў прыемна здзіўлены тым, што шмат людзей разумее польскую мову, можа адказаць на пытанні і падтрымаць гутарку.

Як і іншыя турысты з Захаду, ён неаднаразова адзначаў, што ў Беларусі ўсё вельмі танна: праезд на таксі і цягніку, ежа і выпіўка ў рэстаранах і, канечне ж, аўтамабільнае паліва.

Камеры на кожным рагу

Праз пару гадзін шпацыру па Брэсце паляка ўразілі яшчэ дзве рэчы: вельмі чыстыя вуліцы, на якіх не знойдзеш смецця, і велізарная колькасць камер на кожным рагу.

«Падобна, пару гадоў таму дзяржава шмат інвеставала ў сістэму назірання, каб можна было маніторыць кожны рух на вуліцах і распазнаваць твары», — прыйшоў да высновы падарожнік.

Колькасць камер не пераставала здзіўляць блогера і на другі дзень — калі ён наведваў Брэсцкую крэпасць.

На тэрыторыі крэпасці ютубер спаткаў мужчыну, які, даведаўшыся, што той з Польшчы, пачаў спяваць польскі гімн.

Але, са слоў блогера, было шмат людзей, якія прасілі іх не здымаць, а таксама забараняла сябе здымаць ахова.

На выхадзе з крэпасці Каміл адзначыў, што там адчуваецца клімат СССР.

З патрабаваннямі прыпыніць здымкі ён сутыкаўся і ў моманты, калі здымаў будынкі, якія належалі сілавым структурам ці іншым дзяржаўным установам.

Блогер адзначыў, што ў Беларусі замежнік без праблем можа набыць сімку, але праз цэнзураваны інтэрнэт шмат якія сайты не адкрываюцца.

У Беларусі вельмі лёгка сесці ў турму

Нягледзячы на тое, што Каміл называе сябе блогерам выключна турыстычным, розныя палітычныя пытанні час ад часу ўздымаліся.

Напрыклад, што ў Беларусь строга забаронена завозіць дроны.

«Пры цяперашнім ладзе нават за невялікае глупства можна трапіць у турму, а калі знойдуць нават рэшткі наркотыкаў, то можна сесці на шмат гадоў», — сказаў ён і дадаў, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе смяротнае пакаранне.

Што яшчэ кінулася ў вочы паляку?

Блогер адзначыў, што ў Беларусі шмат старых машын, у тым ліку «Лад», і што цяпер туды вязуць шмат электрамабіляў з Кітая.

Таксама ён заўважыў, што кіроўцы ў Брэсце пачынаюць прапускаць пешахода яшчэ да таго, як ён канчаткова дайшоў да перахода.

Агулам пасля двух дзён у Брэсце ў яго засталіся змешаныя пачуцці і некалькі высноў.

«Нібыта файна, прыемна, добрая ежа, танна, ёсць шмат замежных студэнтаў з Азіі і Афрыкі, якія едуць вучыцца ў Беларусь. Нейкага такога рэжыму пакуль не адчуваю», — казаў ён.

Пры гэтым перасячэнне мяжы ён параўнаў з праходам праз браму, якая вядзе ў свет СССР.

«Ведаеце, гэта так дзіўна: ад Варшавы ўсяго роўна 200 кіламетраў [да Брэста], то-бок бліжэй, чым да Кракава, але гэта адразу цалкам іншы свет».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула