Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма
З 1 ліпеня банкаўскую сферу чакаюць істотныя перамены. Новыя падыходы, анансаваныя Нацбанкам, у першую чаргу мусяць быць накіраваныя на абарону ад махляроў. Праўда, некаторыя метады выклікалі ў беларусаў пытанні. Так, Альфа-банк ужо папярэдзіў кліентаў, што будзе патрабаваць ад іх доступ да геалакацыі мабільнікаў і камп'ютараў.
«З 26 мая пры ўваходзе ў INSNC (дадатак банка — НН) з тэлефона ці камп’ютара з'явіцца просьба на доступ да вашай геалакацыі. Дазвол патрэбна даць усяго адзін раз. Калі гэтага не зрабіць, з 1 ліпеня доступ да INSNC будзе часова закрыты да ўключэння геалакацыі», — паведамілі ў банку.
Ілюстрацыйнае фота
Допіс з гэтай навіной у афіцыйным тэлеграм-канале Альфа-банка сабраў сотні негатыўных рэакцый і абураных каментароў — людзі не разумеюць, навошта банку ведаць дакладнае месцазнаходжанне кліента.
«Гэта дадатак для сачэння ўжо, а не банкаўскі», — праводзяць паралелі беларусы.
А што ў іншых банках?
У кліенцкай інфарассылцы Альфа-банка сцвярджаецца, што згодна з заканадаўствам з 1 ліпеня 2026 года ўсе беларускія банкі абавязаныя будуць прытрымлівацца новых патрабаванняў па зборы, захоўванні і аналізе «лічбавага адбітка прылады».
Што за лічбавы адбітак? Гэта такі набор параметраў, звязаных з электроннай прыладай, якой вы карыстаецеся — сюды ўваходзіць геалакацыя, а таксама мадэль вашага тэлефона ці камп’ютара, настройкі браўзера, версія аперацыйнай сістэмы і гэтак далей. Гэты мікс параметраў пры кожным уваходзе ў банкінг будзе супастаўляцца з так званым эталонам — наборам дадзеных, характэрным менавіта для вас.
Інфармацыйная рассылка Альфа-банка
Пакуль пра новаўвядзенні афіцыйна паведаміў толькі Альфа-банк.
У Беларусбанку на пытанне журналіста «Нашай Нівы» пра планы на ўвядзенне новых правіл карыстання банкінгам адказалі, што «такой інфармацыі ў іх на гэты момант няма».
Падобныя абмежаванні яшчэ не ўводзіць і МТБанк (але геалакацыя ў банку так ці інакш запрошваецца пры рэгістрацыі, таму зарэгістравацца з-за мяжы вельмі складана).
«Калі нешта такое будзе і ў нашым банку [як у калег з Альфа-банка], будзе размешчаная дадатковая інфармацыя», — адказаў кансультант МТБанк.
Белінвестбанк таксама пакуль працуе па-старому:
«На гэты момант да нас не даходзіла інфармацыя пра патрабаванне на ўключэнне геалакацыі з боку нашага банка. Найбліжэйшыя дні такое патрабаванне не будзе ўкараняцца. Аднак калі патрабаванне пра геалакацыю і з’явіцца, хутчэй за ўсё, банк будзе таксама загадзя апавяшчаць кліентаў пра гэта».
А вось Белгазпрамбанк ужо пацвердзіў, што будзе запытваць у кліентаў геалакацыю. Праўда, яны яшчэ не паспелі разаслаць кліентам інфармацыю. «Пры гэтым блакаваць доступ да дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (мабільны дадатак/інтэрнэт-банк) без дазволу на вызначэнне месцазнаходжання не плануецца», — запэўніваюць у банку.
Тэарэтычна банкаўскі мабільны дадатак павінен запытваць геалакацыю чалавека толькі ў момант уваходу ў сістэму і толькі для патрэбаў сістэмы бяспекі. Аднак у беларускай рэальнасці, у якой сілавікі маюць доступ фактычна да любых базаў, інструмент можа ператварыцца ў інструмент дадатковага сачэння за насельніцтвам.