Замест елак у беларускіх лясах сталі высаджваць лістоўніцы
У Беларусі пачалі паступова змяняць падыход да аднаўлення лясоў: замест елак усё часцей высаджваюць лістоўніцы і іншыя раней не вельмі распаўсюджаныя пароды дрэў, піша Times.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Прычына ў тым, што елкі ў многіх рэгіёнах краіны пачалі высыхаць праз змяненне клімату. Іх натуральны арэал паступова зрушваецца на поўнач, дзе ўмовы для гэтых дрэў больш спрыяльныя. Таму спецыялісты шукаюць альтэрнатыву — і ёю сталі лістоўніца, а таксама цвёрдалісцевыя дрэвы, такія як бук, вяз і дуб.
Плануецца, што да 2029 года такімі пародамі засадзяць больш за 2 тысячы гектараў лесу. Асноўная частка гэтай працы ўжо была выканана вясной 2026 года: высадзілі каля 1,8 тысячы гектараў, з якіх прыкладна 360 гектараў займае лістоўніца.
Увогуле за вясну ў Беларусі пасадзілі больш за 18,5 тысячы гектараў лесу. Большасць — каля 97% — гэта хвойныя дрэвы, а найбольш актыўна работы вяліся ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Да пасадкі лесу залучаюць не толькі спецыялістаў, але і звычайных людзей. У абвешчанай дзяржавай акцыі «Лес. Дабро. Парадак», як паведамляецца, узялі ўдзел больш за 58 тысяч чалавек. Яны дапамаглі пасадзіць лес на плошчы больш за 3 тысячы гектараў, а таксама прыбіралі смецце — усяго вывезлі больш за 6,5 тысячы кубаметраў адкідаў.
Пры гэтым спецыялісты падкрэсліваюць, што аднаўленне лесу — гэта не толькі пасадка дрэў. Важна таксама сачыць, як прыжываюцца маладыя дрэвы (праверкі праводзяцца праз год і праз тры гады), і пры неабходнасці дапаўняць пасадкі. Так, гэтай вясной дадатковыя пасадкі праводзіліся на плошчы каля 72 тысяч гектараў.
Таксама ў працэс уключаецца догляд лесу: выдаленне непатрэбнай расліннасці і прарэджванне. У 2026 годзе такія работы правялі на тэрыторыі большай за 140 тысяч гектараў.
Чытайце таксама:
Навальнічны фронт паваліў 14 дрэваў у Мінскай вобласці
У Мінску зацвіў рэдкі каштан ВІДЭА