«Адпілавала адзін блін ад бервяна і зразумела: гэта маё». 23‑гадовая майстарка лесу з Вілейкі пра валку дрэў і працу ў лясніцтве
Шмат вы ведаеце дзяўчат, якія могуць сабраць бензапілу за 16 секунд і спілаваць 25‑метровую сасну з ювелірнай дакладнасцю? Юлія Андрэева — адна з іх. Ужо 4,5 гады яна працуе ў Вілейскім лясгасе, адрознівае сляды жывёл з аднаго погляду, а ліставыя пароды ад іглічных — па паху, піша «Шлях перамогі».

З 28 да 30 красавіка Юлія ў складзе зборнай Міністэрства лясной гаспадаркі ўдзельнічала ў IV Міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства «Лясныя гульні: новыя стандарты» і заняла першае месца ў квэст-спаборніцтве «Лясная сцежка». Прычым спаборнічала нароўні з мужчынамі ў агульным заліку.
У дысцыпліне «мантаж пільнага ланцугу» яна ўправілася за 16 секунд.
— Гэта хутка, але можна яшчэ хутчэй, — самакрытычна ацэньвае сябе Юлія. — Хвалявалася, даўно не ўдзельнічала ў спаборніцтвах. Апошні раз выязджала ў Мінскую вобласць у 2024 годзе, выступала сярод юніёраў.
Зваліць хвою на калок
Юлія ўмее не толькі збіраць пілу на хуткасць, але і прафесійна валіць дрэвы. На конкурсе яе задачай была 25‑метровая хвоя. Трэба было патрапіць у «вароты» шырынёй 2 метры, у цэнтры якіх стаіць калок. Упасці сапраўды на калок ідэальна, у вароты таксама добра.
— Па параметрах я перастрахавалася, бо іх памер напрамую ўплываў на колькасць балаў у дысцыпліне. Але ў цэлым вынікам задаволеная.
На пытанне, ці страшна працаваць з бензапілой, Юлія Андрэева адказвае:
— Насамрэч гэта больш цікава, чым складана. Гэта пастаянны адрэналін, эмоцыі, адчуванне кантролю, таму што ў цябе ў руках хоць і маленькая, але машына, за якой трэба ўвесь час сачыць. Адбыцца можа ўсё, што заўгодна. Страху няма — у працы з пілой трэба захоўваць спакой, нельга нервавацца, гэта можа абярнуцца памылкай. Хутчэй, прадчуванне: жаданне даведацца, куды яно ўпадзе. Патрапіць у вароты ці не?
Гурток «Лесаруб» і любоў з першага распілоўвання
Яшчэ ў каледжы Юлія Андрэева зацікавілася працай з пілой. Пайшла на спецыялізаваны гурток «Лесаруб», дзе яе навучылі абыходзіцца з інструментам.
— Я літаральна адпілавала адзін блін ад бервяна і закахалася. Зразумела, што хочацца паспрабаваць нешта большае, — дзеліцца ўражаннямі дзяўчына.

Юлія працуе майстрам лесу. Яе задача — дакументацыя, прыём прадукцыі на складзе, афармленне патрулёў, адвод лесасек, рэалізацыя драўніны, кантроль работнікаў на лесасеку. Шмат часу майстры бавяць і ў лесе: падчас актыўнага адводу да абеду можна наматаць 10 000 крокаў.
Бензапіла, якой карыстаецца наша гераіня, з поўнай запраўкай важыць каля 8 кілаграмаў.
— Калі ў цябе добрая фізічная форма, табе прасцей кіраваць пілой, — тлумачыць яна.
Каб мець моцныя рукі, ногі і спіну, Юлія Андрэева ходзіць у трэнажорную залу. А адзін час нават захаплялася боксам.
У Беларусі, кажа яна, цяпер усяго чатыры дзяўчыны, якія валодаюць навыкам валкі лесу. І яна — у іх ліку.
У лясную гаспадарку, прызнаецца дзяўчына, яна прыйшла выпадкова. Але падчас вучобы захапілася, а трапіўшы ў гурток «Лесаруб», заразілася ідэяй прафесійнай валкі лесу. Мама, вядома, перажывала і хвалявалася.
— Цяпер, я спадзяюся, мама мной ганарыцца.
Барсукі, ваўкі і… неразуменне людзей
У працоўных буднях Юліі сустракаюцца барсукі, лісіцы, ласі, козы і нават ваўкі. Сутыкацца з жывой прыродай так блізка, гаворыць яна, не страшна. Назіранне за жывёламі выклікае ў майстра лесу захапленне. Значна больш непрыемна сутыкацца з тымі, хто не прымае яе выбару.
— Працэнтаў 70 людзей, калі даведаюцца, што я валю лес, дзівяцца і захапляюцца. Але ёсць і тыя, хто лічыць гэта «ганьбай лясной гаспадаркі», недарэчнай, нежаночай справай.

Настаўнік з Вілейкі і шчаслівая «двойка»
З вілейчанінам Валерыем Дуровічам, які выйграў не адно спаборніцтва па валцы лесу, Юлія пазнаёмілася ў студэнцкія гады.
— Валерый Іванавіч прыязджаў да нас у каледж, нейкі час нават трэніраваў нас. Ён навучыў мяне ва ўсім разабрацца, падзяліўся хітрасцямі. Досвед, які ён перадаў, дагэтуль мне дапамагае. І ён натхніў мяне на пераезд у Вілейку — сама я родам з Віцебскай вобласці.
Кнігі, бандана і прыметы на поспех
У вольны ад працы час у Вязынскім лясніцтве дзяўчына, якая віртуозна валодае бензапілой, чытае сучасныя раманы — гэта дапамагае расслабіцца. У месяц прачытвае па кнізе, бывае і болей.
А яшчэ ў Юліі ёсць свае прыметы. Перад кожным спаборніцтвам яна заўсёды надзявае бандану. У яе нумары ўдзельніка абавязкова павінна быць двойка. Так было з самых першых спаборніцтваў у 2019 годзе, і пакуль шанцуе, прызнаецца майстар лесу. І самае галоўнае перад стартам не дазволіць нікому пераступаць праз пілу. А напярэдадні дае яе патрымаць таму, хто ў яе па-сапраўднаму верыць і жадае ўдачы.
Юлія прызнаецца: хацелася б часцей удзельнічаць у спаборніцтвах. І мяркуючы па яе характары, перамогах і любові да сваёй справы — у яе ўсё наперадзе.
Каментары