БЕЛ Ł РУС

Рубіа: ЗША прыпынілі трохбаковыя перамовы з Украінай і Расіяй аб завяршэнні вайны

22.05.2026 / 18:57

Nashaniva.com

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа на сустрэчы міністраў замежных спраў краін НАТА ў Швецыі заявіў, што Вашынгтон пакуль не бачыць сэнсу працягваць сустрэчы, якія не даюць выніку, піша The Guardian.

Марка Рубіа. Фота: AP Photo/Julia Demaree Nikhinson

«Мы не зацікаўлены ўцягвацца ў бясконцы цыкл перамоў, якія ні да чаго не прыводзяць», — сказаў Марка Рубіа.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ЗША гатовы вярнуцца да дыялогу, калі з’явіцца магчымасць для «канструктыўных і прадуктыўных» перамоў.

Таксама Рубіа назваў фэйкам чуткі пра тое, што Вашынгтон нібыта падштурхоўвае Украіну да пэўнай пазіцыі на перамовах.

Паводле яго слоў, Украіна атрымлівае больш дапамогі, чым калі-небудзь, праз праграму PURL, у якой ЗША працягваюць удзельнічаць.

На думку дзяржсакратара ЗША, вайна «не скончыцца ваеннай перамогай аднаго з бакоў».

Марка Рубіа таксама адказаў на пытанне пра абвінавачванні з боку Расіі на адрас краін Балтыі. Раней расійская разведка заявіла, што Украіна нібыта рыхтуе ўдары па Расіі з тэрыторыі Латвіі.

«Мы разумеем, што гэтыя краіны адчуваюць пагрозу — па цалкам відавочных прычынах. Таму гэта выклікае занепакоенасць, бо заўсёды ёсць рызыка, што падобныя рэчы могуць перарасці ў нешта большае, і такая магчымасць заўсёды існуе», — заявіў ён.

Паводле слоў Рубіа, ЗША «ўважліва сочаць» за сітуацыяй і ўзаемадзейнічаюць у гэтым пытанні з НАТА.

Чытайце таксама:

Рубіа: Перадыслакацыя амерыканскіх войскаў — «не пакаранне»

Рубіа заявіў, што Куба пагроза для ЗША, Гавана абвінаваціла яго ў хлусні

Рубіа: Украінская армія цяпер самая баяздольная ў Еўропе

Марка Рубіа паляцеў у Кітай у спартыўным касцюме, як у Мадура

Каментары да артыкула