У Расіі вінавацяць УСУ ва ўдары па інтэрнаце з падлеткамі. Украінцы адмаўляюць
У расійскіх СМІ актыўна распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што мінулай ноччу ўкраінскія вайскоўцы нібыта нанеслі ўдар па цывільным інтэрнаце ў горадзе Старабельску на тэрыторыі акупаванай расіянамі Луганскай вобласці. Генеральны штаб УСУ ў сувязі з гэтым выдаў адмысловую заяву.
Фота: МНС Расіі
Інфармацыя пра нібыта знішчэнне УСУ аб'ектаў цывільнай інфраструктуры ў заяве ўкраінскага Генштаба называецца «маніпулятыўнай».
«Інфармуем, што Узброеныя сілы Украіны наносяць удары па вайсковай інфраструктуры і аб’ектах, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах, строга прытрымліваючыся нормаў міжнароднага гуманітарнага права, законаў і звычаяў вайны.
Так, у ноч на 22 мая 2026 года пашкоджаны шэраг аб’ектаў расійскага агрэсара, сярод якіх нафтаперапрацоўчы завод, склады боепрыпасаў, сродкі СПА, пункты кіравання і жывая сіла праціўніка, у тым ліку і адзін са штабоў падраздзялення «Рубікон» у раёне горада Старабельск», — сцвярджае Генштаб УСУ.
«Рубікон» — гэта расійскае вайсковае спецпадраздзяленне «Цэнтр перспектыўных беспілотных тэхналогій», прадстаўнікі якога рэгулярна наносяць удары па мірным насельніцтве і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Украіны.
Паводле ранейшых паведамленняў расійскага боку, у Луганскай вобласці быў нібыта нанесены ўдар па будынку навучальнага корпуса і інтэрната філіяла педагагічнага ўніверсітэта.
Прадстаўнікі так званых уладаў «ЛНР» сцвярджалі, што ў момант удару ў будынку нібыта знаходзіліся 86 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.
Пазней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін асабіста заявіў, што ўдар, маўляў, быў наўмысным і мэтанакіраваным. Ён таксама даручыў Міністэрству абароны падрыхтаваць меры ў адказ. Паводле яго слоў, побач з будынкам не было вайсковых аб’ектаў, таму, як ён сцвярджае, няма падстаў лічыць, што пашкоджанні маглі быць вынікам дзеяння расійскіх сістэм супрацьпаветранай абароны або радыёэлектроннай барацьбы.
Па афіцыйных расійскіх звестках, у выніку ўдару загінулі шэсць чалавек, 39 атрымалі раненні, яшчэ 15 лічацца зніклымі без вестак.
Раней Міністэрства замежных спраў Расіі заявіла, што ўдар быў нанесены дальнабойнай зброяй пры тэхнічнай падтрымцы спецыялістаў з краін НАТА. Расійскі бок заклікаў міжнародныя арганізацыі і ўрады даць ацэнку дзеянням Украіны і асудзіць іх.
Чытайце таксама:
Украіна з пачатку вайны нанесла больш за 150 удараў па расійскіх НПЗ
Украінскія дроны атакавалі Яраслаўль. У Маскве закрывалі аэрапорты
Кіраўнік МЗС Украіны: Мы знаходзімся на пераломным моманце вайны
Пуцін хоча, каб Еўропа прызнала межы Расіі з захопленымі тэрыторыямі — Bloomberg