Беларускі вытворца касметыкі набыў завод у Расіі
Беларуская кампанія Flario Group, якая выпускае касметыку пад брэндамі Tashe, Flario і Limba, набыла завод у расійскім Падольску, паведамляе Office Life. Пра гэта кампанія паведаміла праз свае сацсеткі.
Фота: Flario Group
Паводле даных кампаніі, яе вытворчасць ужо дасягнула вялікіх аб’ёмаў — каля 12 мільёнаў адзінак прадукцыі на год, а складскія плошчы займаюць больш за 2,5 тысячы квадратных метраў. Аднак попыт на прадукцыю вырас і вытворчых магутнасцяў стала не хапаць, таму было прынята рашэнне пра пашырэнне.
Новы завод у Расіі абралі менавіта ў Падольску таму, што там знайшлі адпаведнае вялікае памяшканне, а таксама праз зручную лагістыку — побач знаходзяцца размеркавальныя цэнтры буйных маркетплэйсаў.
Запуск вытворчасці на новым аб’екце плануецца ўжо да 1 жніўня.
Кампанія адзначаецца тым, што адкрыта паказвае працэс вытворчасці касметыкі ў рэальным часе — ад змешвання інгрэдыентаў да ўпакоўкі гатовай прадукцыі. Брэнды кампаніі прадстаўленыя ў буйных гандлёвых цэнтрах Мінска і Гродна.
Увогуле беларускія касметычныя брэнды даволі папулярныя ў Расіі, асабліва ў сегменце сродкаў для валасоў, дзе яны займаюць адно з вядучых месцаў.
Чытайце таксама:
«Эфект губной памады» ў продажах сапраўды працуе
Як за пяць гадоў змяніліся цэны на бытавую хімію
«Часам кажу, што працую ў б'юці-сферы»: як беларуска грыміруе памерлых
У Мінску вядомыя вытворцы касметыкі адкрываюць незвычайную кавярню