Прэм'ерам Славеніі стаў нацыяналіст і прыхільнік Трампа
Парламент Славеніі прызначыў новым прэм’ер-міністрам краіны лідара правай Славенскай дэмакратычнай партыі Янеза Яншу, піша «Еўрапейская праўда».
Янез Янша. Фота: AP Photo/Igor Kupljenik
За кандыдатуру Янеза Яншы прагаласаваў 51 дэпутат з 90, яшчэ 36 выступілі супраць. Пасля гэтага Янша атрымаў 15 дзён, каб прадставіць склад свайго ўрада.
Гэтае прызначэнне фактычна завяршыла палітычны крызіс у краіне, які ўзнік пасля парламенцкіх выбараў у сакавіку. Тады перамогу з невялікім адрывам атрымаў ліберальны рух былога прэм’ера Роберта Голаба, але яму не ўдалося сфармаваць кааліцыю і атрымаць большасць у парламенце. У выніку ён прызнаў паразу і перайшоў у апазіцыю.
Для Янеза Яншы гэта ўжо чацвёрты тэрмін на пасадзе кіраўніка ўрада. Раней ён узначальваў краіну ў 2004—2008, 2012—2013 і 2020—2022 гадах.
Янша вядомы як нацыяналістычны палітык, раней ён неаднаразова выказваў падтрымку прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.
Чытайце таксама:
Спікер парламента Славеніі паабяцаў рэферэндум аб выхадзе краіны з НАТА
У Славеніі прарасійскага палітыка абралі спікерам парламента
Таямнічая і ўплывовая Меланія. Новы падыход жонкі прэзідэнта Трампа да ролі першай лэдзі