Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на мерапрыемстве ў Пермі заявіў, што краіны Захаду сур’ёзна прасоўваюць ідэю стварэння новага вайсковага саюза ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, які павінен стаць аналагам НАТА. На яго думку, гэта нясе пагрозу інтарэсам Расіі.
Сяргей Лаўроў. Фота: Alexander Nemenov / Pool Photo via AP
Паводле слоў Лаўрова, такая ініцыятыва накіраваная не толькі супраць Расіі, але і супраць іншых краін, якія праводзяць «самастойную палітыку» — у тым ліку Кітая, Ірана, Паўночнай Карэі і Беларусі. Ён лічыць, што Захад стварае новыя вайскова-палітычныя блокі, каб узмацніць ціск на гэтыя дзяржавы і аслабіць сістэму бяспекі ў рэгіёне.
Лаўроў таксама адзначыў, што ў Азіі хутка пашыраецца вайсковая прысутнасць ЗША і іх саюзнікаў. У якасці прыкладу ён прывёў саюз AUKUS (Аўстралія, Вялікабрытанія і ЗША), а таксама іншыя фарматы супрацоўніцтва з удзелам Японіі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі і іншых краін. На яго думку, такія структуры маюць закрыты характар і накіраваныя не на супрацоўніцтва, а на стрымліванне іншых дзяржаў.
Асобна Лаўроў звярнуў увагу на ідэю стварэння так званай «Арганізацыі Інда-Ціхаакіянскай дамовы» — магчымай будучай вайсковай кааліцыі. Хоць такой арганізацыі пакуль не існуе, падобныя планы абмяркоўваюцца ў ЗША. Расійскі міністр лічыць, што гэта яшчэ больш узмоцніць напружанасць у рэгіёне.
Урэшце ён заявіў, што Расія нібыта выступае за дыпламатычнае вырашэнне канфліктаў, у тым ліку вакол Ірана, і лічыць, што новая эскалацыя ў гэтым рэгіёне будзе небяспечнай для ўсяго свету.
Чытайце таксама:
Лаўроў выключыў удзел Расіі ў «Еўрабачанні» з-за сатанізму
Лаўроў: Аднаўленне перамоваў з Украінай «не з’яўляецца прыярытэтам нумар адзін»
Лаўроў: ЗША хочуць забраць «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2»