Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў
Дзяўчына ў сакавіку 2026‑га адправілася ў адпачынак на Мальдыўскія астравы. Як сцвярджае беларуска, падчас адпачынку яна адключыла на сваім смартфоне мабільны інтэрнэт праз віджэт, аднак тэлефон усё адно падключыўся праз беларускую сім-карту да мясцовай сеткі, што абярнулася запазычанасцю на 17 840 рублёў, піша «Анлайнер».
«Паводле слоў аператара, мабыць, у мяне недзе ў гатэлі зляцеў вай-фай і падключыўся мабільны інтэрнэт», — расказвае дзяўчына.
Згодна з інфармацыяй на сайце аператара МТС, 1 Мб даных праз мабільны інтэрнэт у роўмінгу на Мальдывах каштуе 97,75 рубля. Такім чынам, за крыху больш чым 180 Мб абанентцы налічылі амаль 18 000 рублёў.
Беларуска звярнулася да аператара з просьбай пераглядзець запазычанасць, але разбіральніцтва зацягнулася, бо нумар першапачаткова быў зарэгістраваны на бацьку дзяўчыны. Пры гэтым, паводле слоў чытачкі, увесь гэты час запазычанасць павялічвалася, бо адбываліся спісанні за безліміт званкоў, трафік і прымусовае блакаванне.
У выніку дзяўчыне ўдалося дабіцца афіцыйнага адказу ад МТС, у якім аператар паведаміў:
«Налічэнні і спісанні грашовых сродкаў з асабовага рахунку рабіліся абгрунтавана, за фактычна аказаныя паслугі ў адпаведнасці з Дамовай, тарыфамі на абслугоўванне ў рэжыме роўмінгу і інфармацыяй, дадзенай роўмінг-партнёрам Ooredoo Maldives.
Разам з тым, прытрымліваючыся прынятай у МТС канцэпцыі максімальнай адпаведнасці чаканням абанента, сума налічэнняў за разгляданыя паслугі перадачы даных паменшаная. Сума вяртання складае 15 988,43 руб.».
Такім чынам, беларуска засталася вінаватая аператару 1780 рублёў.
Таксама аператар у лісце-адказе папярэджвае:
«Падключэнне абсталявання, якое выкарыстоўваецца, да сеткі Wi-Fi не блакіруе перадачу даных у сетцы аператара сотавай сувязі. Калі адначасова даступныя злучэнні Wi-Fi і мабільнай перадачы даных, тэлефон выкарыстоўвае злучэнне Wi-Fi, але калі сетка Wi-Fi адключаецца (страчваецца), то перадача даных ідзе праз мабільны інтэрнэт».
Чытайце таксама:
«Гэта была мара ўсяго майго жыцця». Беларуска паляцела на Мальдывы і не можа вярнуцца дадому
Знайшлі целы італьянскіх дайвераў, якія зніклі на Мальдывах
Танны аналаг Егіпта. Беларуска расказала, як адпачыла ў Камбоджы
У Беларусі абмяжоўваюць хуткасць мабільнага інтэрнэту. А якія цэны і ўмовы ў Польшчы і Літве?