БЕЛ Ł РУС

У Германіі чалавека зноў надурылі старымі беларускімі грашыма

23.05.2026 / 19:52

Nashaniva.com

У нямецкім горадзе Білефельд, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія, адбыўся выпадак махлярства з выкарыстаннем беларускіх купюр, якія выйшлі з ужытку. Пра гэта паведамляе мясцовая паліцыя, піша сайт «Беларусь и мир».

Купюры ў 500 беларускіх рублёў, якія выйшлі з ужытку. Фота: newauction.ru

Інцыдэнт здарыўся ў суботу 9 мая каля 14:00 на вуліцы Турнер-штрасэ, побач з вуліцай Фрыдрых-Ферлегер-штрасэ. Да 23‑гадовага жыхара горада, які праходзіў міма, звярнуўся незнаёмы, які пад’ехаў на аўтамабілі.

Мужчына распавёў, што ягоная банкаўская карта не працуе, і папрасіў абмяняць беларускія рублі на еўра, каб даехаць з сям’ёй дадому. Мужчына даў яму некалькі соцень еўра і атрымаў узамен банкноты. Толькі пазней ён даведаўся, што атрыманыя грошы старыя і ўжо несапраўдныя, і падаў заяву ў праваахоўныя органы.

Пацярпелы апісаў злачынцу як чалавека паўднёваазіяцкай знешнасці, ростам прыкладна 160—170 см, моцнага целаскладу, з чорнымі валасамі і густой чорнай барадой. Паводле яго слоў, зламыснік знаходзіўся ў Audi Coupe з чырвонымі нумарнымі знакамі. У аўтамабілі таксама сядзелі жанчына ў хустцы і дзіця прыкладна двух гадоў. Ахоўнікі парадку шукаюць магчымых сведак інцыдэнту.

Гэты выпадак махлярства пры дапамозе беларускіх грошай старога, дадэнамінацыйнага ўзору — не ўнікальны, падобныя выпадкі неаднаразова фіксаваліся і раней. Прытым часта беларускія старыя рублі выдаваліся за балгарскія левы. 

Чытайце таксама:

У Германіі махляры паспяхова абменьваюць старыя беларускія рублі як новыя

У Баварыі фокусам з беларускімі рублямі хацелі развесці паліцэйскага. Але той аказаўся падкаваным

За суткі ў міліцыю паведамілі пра больш за паўтысячы званкоў ад махляроў

Каментары да артыкула