Зяленскі: Расія рыхтуецца ўдарыць па Украіне «Арэшнікам»
Украінская разведка паведамляе, што атрымала ад партнёраў, у тым ліку амерыканскіх і еўрапейскіх, інфармацыю пра магчымую падрыхтоўку Расіяй удару па Украіне з выкарыстаннем ракеты «Арэшнік». Гэтыя звесткі цяпер правяраюцца, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Sean Gallup / Getty Images
Па словах Зяленскага, цяпер назіраюцца прыкметы падрыхтоўкі камбінаванага ракетна-авіяцыйнага ўдару па тэрыторыі Украіны, у тым ліку па Кіеве. Сцвярджаецца, што пры такой атацы можа быць выкарыстана зброя сярэдняй далёкасці. У сувязі з гэтым грамадзян просяць уважліва рэагаваць на сігналы паветранай трывогі і пры неабходнасці карыстацца сховішчамі.
Таксама Зяленскі падкрэсліў, што выкарыстанне такой зброі і працяг вайны разглядаецца як пагроза не толькі Украіне, але і міжнароднай бяспецы ў цэлым. Таму ён звярнуўся да заходніх партнёраў з просьбай узмацніць ціск на Расію і дзейнічаць не пасля фактаў атак, а загадзя — прафілактычна.
Сама ж Украіна працягвае ўзмацняць супрацьпаветраную абарону і будзе адказваць на атакі.
Чытайце таксама:
Вучэнні стратэгічных ядзерных сіл, што пачала Расія, — найбуйнейшыя ў гісторыі
Лукашэнка: Я не кажу, што мы заўтра ўдарым «Арэшнікам» па Вільні, Варшаве або Кіеве
Магчымую базу «Арэшніка» пад Крычавам узмоцнена ахоўваюць комплексамі супрацьпаветранай абароны