Дзе «Фламінга» і наколькі яна эфектыўная? З'явіўся аналіз усіх вядомых атак нашумелымі ўкраінскімі ракетамі
Украінскае выданне «Оборонка» прааналізавала кожную зафіксаваную ў адкрытых крыніцах атаку ўкраінскімі ракетамі «Фламінга» і спадарожнікавыя здымкі пасля ўдараў. Для гэтага выкарысталі аналітыку суполак «КіберБорошно», Exilenova+ і Dnipro OSINT. Якія з іх аказаліся выніковымі і наколькі часта гэтыя ракеты наогул трапляюць у цэль?

Мінула ўжо больш за восем месяцаў з моманту з’яўлення першага фота і характарыстык украінскай крылатай ракеты FP-5 «Фламінга». Яна мае заяўленую далёкасць знішчэння да 3000 км і масу баявой часткі — да 1100 кг.
Гэты выраб кампаніі Fire Point выклікае ў людзей як скепсіс, так і захапленне. З аднаго боку, вядома пра вялікія магутнасці вытворчасці і адносна нізкую цану, з другога — пра «простыя» тэхналагічныя рашэнні і канцэптуальныя недахопы, якія могуць уплываць на эфектыўнасць знішчэння.
Таксама доўгі час абсалютна нічога не было вядома пра яе рэальнае прымяненне ў баі. Таму ключавое пытанне: ці застаецца FP-5 «Фламінга» эксперыментальнай зброяй або ўжо ператвараецца ў паўнавартасны інструмент знішчэння?

Як лічылі?
З адкрытых крыніц вядома агулам пра шэсць верыфікаваных атак ракетамі «Фламінга».
Галоўны канструктар Fire Point Дзяніс Штылерман у сваім Х час ад часу публікуе відэа запускаў ракет FP-5. Гэтыя публікацыі супадаюць з афіцыйнымі справаздачамі Сіл абароны пра выпадкі прымянення «Фламінга» і адпаведнымі публікацыямі/фота на расійскіх інфармацыйных рэсурсах.
Самой толькі інфармацыі пра запускі мала, бо ракета павінна не толькі даляцець да аб’екта, але і трапіць у яго. Для аналізу дакладнасці ракет «Оборонка» супаставіла справаздачы вайскоўцаў са спадарожнікавымі здымкамі, якія дазваляюць адносна дакладна вызначыць вынік удару.
Усяго за ўвесь час у кадр трапілі 23 запушчаныя крылатыя ракеты «Фламінга». Украінскія OSINT-аналітыкі ідэнтыфікавалі, што да цэлі з іх даляцела 6, але трапілі ў патрэбны аб’ект толькі 2. Яшчэ адно траплянне застаецца спрэчным.

Далей будзе разбор кожнага ўдару. Але перад гэтым важна адзначыць, што ўся прыведзеная інфармацыя — гэта вынік апрацоўкі даных толькі з адкрытых крыніц. Рэальная колькасць запускаў або траплянняў можа быць большай, а прапорцыя запушчаных ракет да паражэнняў — істотна адрознівацца.
Дэбют. Удар па памежнай базе ФСБ у Крыме
Упершыню на шырокую публіку «Фламінга» паказаў сябе ў акупаваным горадзе Армянск, на памежнай заставе ФСБ за 120 кіламетраў ад лініі сутыкнення. Туды 31 жніўня пацэлілі Сілы абароны Украіны. З як мінімум трох запушчаных ракет дакладна да аб’екта даляцела адна — яна прамахнулася і ўпала ў ваду паблізу базы. На здымку відаць пашкоджанне будынка, але якім менавіта сродкам быў нанесены ўдар і ці адпавядае гэта заяўленай магутнасці «Фламінга», дакладна сказаць цяжка.
З улікам усяго гэтага, гэта быў першы выпадак, калі ракета FP-5 наогул даляцела да расійскай цэлі і паказала, што яна існуе.

Другі ўдар. Спроба атакі на ЦЭЦ у горадзе Арол
13 лістапада 2025 года Сілы абароны Украіны паспрабавалі паразіць ЦЭЦ у горадзе Арол за больш чым 170 км ад мяжы. Было запушчана як мінімум 4 ракеты, аднак на спадарожнікавых здымках каля аб’екта свежых слядоў пашкоджанняў або падзення ракеты не знойдзена.
Відавочна, што ракеты былі збітыя расійскай СПА. Адно збіццё «Фламінга», верагодна, трапіла на відэа, якое апублікавалі ў OSINT-суполцы Exilenova+.

Трэці ўдар. Атака на артылерыйскі арсенал паблізу горада Катлубань. Першае траплянне
Арсенал Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Расіі (ГРАУ) у Катлубані Валгаградскай вобласці мае важнае значэнне для расійскага войска. На аб’екце ўзведзеныя ўмацаваныя бункеры для захоўвання боепрыпасаў, якія фактычна недасяжныя для звычайных БПЛА. Менавіта таму для знішчэння такіх цэляў прымянілі крылатую ракету FP-5 «Фламінга».
12 лютага на арсенал ГРАУ было выпушчана як мінімум 6 крылатых ракет на адлегласць больш за 500 км ад лініі сутыкнення. З шасці даляцела толькі адна, трапіўшы ў бункер плошчай 1200 м². У выніку пачалася дэтанацыя боепрыпасаў, памяшканне было знішчана.

Гэта стала першым зафіксаваным трапляннем «Фламінга» і першым ударам на такую глыбіню падобнымі ракетамі.
Чацвёрты. Удар па палігоне «Капусцін Яр», месца дыслакацыі «Арэшніка». Промах
На працягу студзеня 2026 года Сілы абароны Украіны атакавалі палігон «Капусцін Яр» у Астраханскай вобласці, а менавіта — пляцоўку №105, з якой запускаюць ракеты комплексу «Арэшнік». 27 студзеня па аб’екце было запушчана як мінімум чатыры ракеты. З іх даляцела толькі адна. Але яна была альбо збітая на падлёце, альбо не трапіла і ўпала паблізу агароджы пляцоўкі. Кратар ад яе відаць на спадарожнікавым здымку.

Праўда, паражэнне аб’екта ў гэты перыяд усё ж адбылося. Як пішуць аналітыкі суполкі «КіберБорошно», гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не ракеты.
Пяты. Удар па заводзе па вытворчасці «Іскандэраў» у горадзе Воткінск ва Удмурціі. Траплянне «ў яблычка»
Цяпер — месца, дзе «Фламінга» паказаў сябе найлепшым чынам. Паражэнне вельмі важнага завода расійскага абароннага комплексу на адлегласці больш за 1300 км ад мяжы.
АТ «Воткінскі завод» спецыялізуецца на вытворчасці балістычных ракет, у прыватнасці МБР тыпу РС-24 «Ярс» і рухавікоў для аператыўна-тактычных ракет комплексаў «Іскандэр».
Адна з трох выпушчаных ракет трапіла ў цэх №22 у гальвана-штамповачным 19‑м корпусе, паведамляюць спецыялісты суполкі «КіберБорошно».
«Паражэнне падобнага цэха можа мець крытычны ўплыў на вытворчы цыкл, паколькі менавіта тут фарміруецца базавая канструкцыя карпусоў вырабаў і выконваецца іх тэхналагічная падрыхтоўка да фінальных этапаў зборкі», — пішуць аналітыкі.

Усе дэталі адносна наступстваў нявядомыя, але гэта выглядае як сур’ёзны ўдар па прадпрыемстве.
Шосты. Промах па будынках завода «Прамсінтэз» у горадзе Чапаеўск
28 сакавіка 2026 года Сілы абароны Украіны запусцілі як мінімум 3 ракеты на завод «Прамсінтэз» у Чапаеўску Самарскай вобласці. Гэта прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці кампанентаў выбуховых рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для зараду боепрыпасаў.
Падчас гэтай атакі ўкраінскія ракеты трапілі на відэа, якія апублікавалі ў суполцы Exilenova+. З трох ракет да аб’екта даляцела дзве, аднак абедзве не трапілі ў патрэбны будынак, упаўшы побач з цэхамі. Верагодна, ракеты альбо былі збітыя ў апошні момант, альбо зачапіліся за громаадводную вежу побач. Удар па Чапаеўску мог бы быць паспяховым.
Як бачым з наяўных даных, FP-5 «Фламінга» дагэтуль застаецца хутчэй эксперыментальнай зброяй, чым пастаянным сродкам паражэння. Часта сродкі далятаюць да аб’ектаў, але не трапляюць у патрэбнае месца.
Праблемы з дакладнасцю прызнаюць і ў самой кампаніі.
«У «Фламінга» праблемы з дакладнасцю ў значнай ступені звязаныя з тым, што палёты выконваюцца на вельмі нізкіх вышынях», — сказаў галоўны канструктар Дзяніс Штылерман у інтэрв’ю Дзмітрыю Гардону.
Складана рабіць высновы пра эфектыўнасць усёй праграмы, паколькі з адкрытых крыніц вядома толькі пра 23 пацверджаныя пускі, у той час як яшчэ восенню Штылерман у інтэрв’ю выданню «Дзеркало тиджня» заяўляў пра вытворчасць 2—3 ракет у суткі.
Гэта азначае, што вынікі пераважнай большасці пускаў застаюцца невядомымі шырокай публіцы.
Украіна прапанавала Еўропе разам распрацоўваць альтэрнатыву Patriot
«Гэты ўдар цяжка пераацаніць». Чым унікальная атака «Фламінга» на завод у Воткінску
Ва Украіне паказалі, як запускаюць ракеты «Фламінга» ВІДЭА
Мінабароны РФ упершыню прызнала ўдары па Расіі новымі ўкраінскімі ракетамі «Фламінга»
Украіна заяўляе, што ўдарыла «Фламінга» па палігоне, адкуль Расія запускае «Арэшнік». Які вынік?
Куды знікла «самая паспяховая ракета» Украіны «Фламінга»?
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары