«Рэальна неадэкваты». Зяленскі пракаментаваў маштабны начны ўдар па Украіне
«Пуцін ужо і слова «ўра» не можа нармальна вымавіць — шамкае, — а ўсё яшчэ сваімі ракетамі перамагае жылыя дамы».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі эмацыйна адрэагаваў на масіраваную камбінаваную атаку Расіі, у выніку якой пацярпелі дзясяткі мірных жыхароў і была разбурана цывільная інфраструктура.
У сваім звароце Уладзімір Зяленскі жорстка раскрытыкаваў расійскае кіраўніцтва. «Пуцін ужо і слова «ўра» не можа нармальна вымавіць — шамкае, — а ўсё яшчэ сваімі ракетамі перамагае жылыя дамы. Тры расійскія ракеты супраць аб'екта водазабеспячэння, спаліў рынак, дзясяткі жылых дамоў пашкодзіў, некалькі звычайных школ. Запусціў свой «Арэшнік» супраць Белай Царквы. Рэальна неадэкваты».
Паводле апошняй інфармацыі ад украінскага лідара, у выніку гэтага ўдару ў розных рэгіёнах краіны пацярпелі не менш за 83 чалавекі, ёсць загінулыя.
Кіраўнік Украіны падкрэсліў, што гэтыя дзеянні Масквы павінны сустрэць жорсткі адказ міжнароднай супольнасці, і заклікаў свет да актыўнай падтрымкі:
«Сёння кожны ў свеце, хто не прамаўчыць, хто будзе дапамагаць Украіне, з'яўляецца абаронцам жыцця».
Зяленскі дадаў, што для яго краіны прынцыпова важна, каб расійскі тэрор «не заставаўся без наступстваў».
Масіраваная атака ў ноч на 24 мая стала найбуйнейшай за апошні час. Украінскія сілы ППА змаглі збіць і нейтралізаваць сродкамі РЭБ 604 цэлі з 690 (55 ракет і 549 дронаў).
Найбольшыя разбурэнні зафіксаваны ў Кіеве, дзе цалкам разбураны пад'езд жылой пяціпавярхоўкі і пашкоджаны іншыя шматпавярховыя дамы. Паветраныя сілы УСУ афіцыйна пацвердзілі, што па горадзе Белая Царква ў Кіеўскай вобласці Расія ўдарыла балістычнай ракетай сярэдняй дальнасці РС-26 «Рубеж» («Арэшнік»).