БЕЛ Ł РУС

Зорны асілак з Чэрыкава расказаў, чаму змяніў Маскву на малую радзіму

24.05.2026 / 14:23

Міра Нікановіч

35‑гадовы трэнер Максім Дончанка вядзе папулярны блог у інстаграме — на сёння ён мае ажно 840 тысяч падпісчыкаў. Днямі завірусіўся яго ролік, дзе Максім патлумачыў, чаму вырашыў перабрацца з Масквы назад у родны Чэрыкаў.

Фота: anti_trainer / Instagram

Некалі ў родным Чэрыкаве малы Максім распачынаў хадзіць у мацоўню, потым папрацаваў танцорам і стрыптызёрам у Кітаі і Маскве. Там жа, у Расіі, мужчына распачаў кар’еру ў фітнэсе і трэнерстве, завёў папулярныя блогі ў сацсетках.

Але ж з нядаўняга часу Дончанка зноў жыве ў родным горадзе і, выглядае, назад у Маскву не спяшаецца. Ролік пра тое, чым Максіма так вабіць малая радзіма, за тыдзень набраў больш за 45 тысяч лайкаў і амаль тысячу каментароў.

«Бадзяючыся па свеце, у свае 35 годзікаў я зразумеў адну рэч. Я сам беларус і жыў доўгі час у Маскве, і калі пераехаў да сябе на малую радзіму, у Чэрыкаў, для сябе адкрыў невідавочныя плюсы маленькага горада, хаця да гэтага ў жыцці не думаў, што буду хацець тут жыць», — дзеліцца Максім.

Плюс нумар адзін, на яго думку — гэта цішыня:

«Тут няма машын, якія ездзяць, б**дзь, 24 на 7. Я забыўся, як гучыць цішыня. Прыкінь, ты прыходзіш і настолькі ціха, што ажно звініць у вушах».

Фота: anti_trainer / Instagram

Далей Максім адзначае, што і паветра ў Чэрыкаве зусім не тое, як у Маскве — маўляў, і аднаўляцца падчас трэніровак, і дыхаць атрымліваецца лепш.

Яшчэ адзін плюс — час:

«У вялікім горадзе, каб даехаць з пункта А ў пункт Б, можа спатрэбіцца ад паўгадзіны да дзвюх гадзін, а то і да трох, калі заторы. А тут, каб перасунуцца па горадзе, заехаць у краму, заехаць у мацоўню і яшчэ некуды, я выдаткоўваю хвілін 15 і нечакана для сябе эканомлю 2‑3 гадзіны на дзень».

Максім усё ж не ідэалізуе жыццё ў глыбінцы і кажа, што паўсюль ёсць свае плюсы і мінусы. Ёсць рэчы, якіх у Чэрыкаве проста няма:

«Зразумела, што тут няма працы. Зразумела, што тут няма дастаўкі і клубаў, куды можна пайсці патусіць, або п***атых кавярняў. Але да 35 гадоў я зразумеў, што я хачу высыпацца, менш стрэсаваць і менш выдаткоўваць час на ўсякую х**ню. І на гэты момант я задаволены, што я жыву ў вёсцы!»

Максіму ўказалі ў каментарах, што Чэрыкаў — гэта яшчэ не вёска і бываюць больш глухія беларускія мястэчкі, напрыклад, Хоцімск. А вось праз Чэрыкаў праходзіць траса з Магілёва ў бок Расіі, недалёка ад Чэрыкава ёсць чыгунка.

І ўсё ж каларытны мацак знайшоў у сваіх падпісчыкаў поўнае разуменне:

«Мне 35, і я сяджу ківаю на кожнае слова».

«Прыгажун ва ўсіх сэнсах».

«Вось што такое сталенне».

Чытайце таксама:

У Гродне качка вывела качанят на чацвёртым паверсе аднаго з дамоў. Вышыня аказалася празмернай

Ёсць просты сакрэт, каб бананы захоўваліся даўжэй

Ганарэя і сіфіліс у Еўропе дасягнулі рэкорднага ўзроўню

Каментары да артыкула