БЕЛ Ł РУС

Каля гіганцкага зубра на трасе М1 адкрыюць кавярню з татарскай кухняй

24.05.2026 / 20:28

Nashaniva.com

Каля вядомай скульптуры зубра на мяжы Брэсцкай і Мінскай абласцей пабудуюць кавярню, дзе будуць частаваць стравамі беларуска-татарскай кухні. Праект з'яўляецца часткай плана супрацоўніцтва з расійскім Татарстанам. 

Скульптура зубра на мяжы абласцей. Фота: Брэсцкі аблвыканкам

Пра гэта паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаіла Бацэнку. Ініцыятыва ўвайшла ў план мерапрыемстваў на 2026‑2027 гады, які падпісалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык і кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў.

Паводле слоў чыноўніка, праект з'явіўся ў адказ на запыты турыстаў, якія часта спыняюцца каля манумента сфатаграфавацца і шукаюць месца, дзе можна было б перакусіць. Плануецца, што кавярня будзе створана сумесна з адной з рэстаранных кампаній Казані і атрымае назву «Крылы дружбы».

«Будзем рабіць там стравы татарскай кухні. Задзейнічаем птушкафабрыку «Дружба», якая вырабляе тыя ж курыныя крылцы, ножкі. Беларуская кухня будзе», — патлумачыў Бацэнка. Ён дадаў, што эскізны праект ужо распрацаваны, цяпер вырашаюцца юрыдычныя пытанні.

Як мы пісалі раней, змены закрануць і самога зубра. Каб зрабіць скульптуру больш эфектнай, спецыялісты працуюць над тым, каб з ноздраў волата ішла пара. Мяркуецца, што хваля пару будзе дасягаць 5,5 метра ў даўжыню пад вуглом 45 градусаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула